Прычыны закрыцця стваральнікі бара тлумачаць так: «Значна змяніліся ўмовы арэнды памяшкання, і яны больш не падаюцца нам адэкватнымі фармату бара».

Карацей, зноў добрыя людзі не дамовіліся паміж сабою.
Ёсць інфа, што на месцы «Малака» будзе новая кафэха, але рабіць яе будуць ужо іншыя людзі. Падрабязнасцяў няма.

Тым не менш, «Малако» стоадсоткава застанецца ў чалавечай памяці месцам крутым, дэмакратычным і вельмі асаблівым. Размешчаны ў самым цэнтры, побач з галерэяй сучаснага мастацтва, белы бар са смешнымі столікамі хутка стаў папулярным. Туды прыходзілі на каву «дзевачкі з ін’яза», хлопчыкі ў вузкіх штоніках – на вечарынкі пра каханне і беднасць, людзі з айпадамі – на дзелавыя сустрэчы, а час ад часу

за суседнім столікам можна было пабачыць, напрыклад, Валодзю Цэслера,
які тлумачыў канцэпт сваёй наступнай выставы.

Бармэны мяшалі кактэйлі нават на запыт «гарачага, смачнага і з алкаголем», а па пятніцах і суботах у невялікае памяшканне набівалася пад сотню чалавек, і яшчэ колькі паліла перад уваходам. Атмасфера была шызафрэнічнай, трохі багемнай, часам – хіпстарскай. «Малако» стала для многіх другім офісам, дзе можна было, не пераходзячы на шэпт, абмяркоўваць ШОС, даваць інтэрв’ю замежным СМІ, складаць бізнэс-план, пісаць артыкул ці братацца з Ліпковічам.

Гаспадары таксама кажуць, што ёсць вялікая імавернасць працягу гісторыі, але ўжо ў іншым месцы.
І пад іншай назвай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?