Правы беларускай нацменшасці ў Польшчы не парушаюцца, заявіў польскі пасол у Беларусі Лешак Шарэпка 19 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Дыпламат растлумачыў, што сённяшняя прэс-канферэнцыя была склікана з-за сюжэта, які быў паказаны 18 верасня ў праграме «У цэнтры ўвагі» па Першым канале Беларускага тэлебачання. У гэтым сюжэце закраналася тэма беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і лёсу беларускага культурнага цэнтра, які плануецца перанесці ў Беластока ў Варшаву.

«Звычайна мы не спрабуем каментаваць сюжэты БТ, але тое, што было ўчора, выйшла за межы прыстойнасці,
таму што была закранута тэма нацыянальнай меншасці. А гэта вельмі адчувальная тэма, і тут трэба быць вельмі карэктным», — сказаў Шарэпка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Польшча правялі шэраг кансультацый па пытанні статусу і далейшага лёсу Польскага інстытута ў Мінску і беларускага культурнага цэнтра ў Польшчы. Паводле яго слоў, ужо распрацаваны праект пагаднення па гэтым пытанні, якое, як спадзяецца пасол, можа быць падпісана да канца года.

«Што да падтрымкі нацыянальнай меншасці, то калі я параўноўваю ўмовы дапамогі польскай меншасці тут і беларускай у Польшчы, то магу сказаць, што мы робім значна больш», — сказаў ён.

Шарэпка адзначыў, што польскі бок не будзе дамагацца абвяржэння ўчарашняга сюжэта. «У нас ужо ёсць негатыўны вопыт у такіх справах, таму для данясення сваёй пазіцыі мы вырашылі правесці гэту прэс-канферэнцыю, а не спрабаваць дамагчыся абвяржэння», — заявіў пасол.

У цэлым стварылася ўражанне, што напачатку пасол меў намер выступіць з рэзкай заявай, таму і склікаў тэрміновую прэс-канферэнцыю — рэдкі выпадак, але ўрэшце вырашыў ад рэзкасцяў утрымацца.

Адносіны між Мінскам і Варшавай застаюцца напружанымі. Антыпольскай прапаганды ў лукашэнкаўскіх СМІ застаецца нашмат больш, чым антыеўрапейскай агулам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?