20 верасня Гродзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу мясцовага журналіста Андрэя Пачобута на вырак Ленінскага суда горада.

Нагадаем, 5 ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў карэспандэнта польскай «Газеты выборчей» вінаватым на падставе часткі 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса за шэраг артыкулаў з крытыкай дзейснай улады. Пачобута прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

Судовы працэс быў закрытым.

Каментуючы БелаПАН рашэнне абласнога суда, Пачобут адзначыў: "Палітычная сітуацыя ў краіне цяпер адрозніваецца ад той, якая была ў красавіку, калі мяне арыштавалі, таму ў мяне былі нейкія ілюзіі. Але сённяшняе рашэнне — гэта сігнал усім журналістам, што нічога ў краіне ў галіне свабоды прэсы не памянялася. Рэжым Лукашэнкі будзе працягваць націск і пераслед журналістаў".

Паводле слоў Пачобута, абласны суд не прыняў да ўвагі прадстаўленыя ў яго касацыйнай скарзе факты, якія сведчылі аб працэсуальных парушэннях, дапушчаных у межах расследавання яго крымінальнай справы. У прыватнасці, не было задаволена хадайніцтва журналіста аб выкліку ў суд некаторых сведак, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Пракурор заявіў, што гэта можа "ператварыць працэс у балаган", расказаў Пачобут.

Пры абскарджанні вынесенага яму прыгавору гродзенскі журналіст збіраецца прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, а затым падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. "Беларуская судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, таму цяжка чакаць аб'ектыўнасці пры разглядзе справы аб нібыта паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі", — падкрэсліў Андрэй Пачобут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?