Расійскі рок-гурт з Екацерынбургу ўпершыню за 22-гадовую гісторыю наважыўся на моўны эксперымент і запісаў па-беларуску свой новы хіт «Апошні дзень Зямлі» са свежага альбома «Сделано в темноте» ў перакладзе Уладзя Лянкевіча.

«Ідэя заспяваць па-беларуску мне падалася цікавай. Меркаваў, што тое будзе нескладана, улічваючы некаторае падабенства нашых моваў. Прынамсі, лягчэй, чым заспяваць, да прыкладу, па-англійску, - кажа лідар «Смысловых галлюцинаций». Але потым музыканту давялося прызнаць памылку: калі яму даслалі пераклад, то праспяваць па-беларуску з першага разу ў яго не выйшла. «Прызнаюся, што быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце. Але дасланыя варыянты літаратурнага перакладу з каментарамі, наспяваны па-беларуску тэкст ды іншыя дапаможныя матэрыялы зрабілі сваю справу. Давялося літаральна завучыць інтанацыі і вымаўленне і ўсё ўрэшце атрымалася», - распавядае Сяргей. Ён праявіў сябе сапраўдным перфекцыяністам. Калі гурт адаслаў ужо прымальна запісана беларускамоўны варыянт, то музыка папрасіў дадатковых кансультацый, пасля якіх прыняў рашэнне перапісаць трэк наноў. «Шчыра кажучы, трохі хвалююся з той нагоды, як успрымуць вынік носьбіты мовы. Я сапраўды настолькі шмат разоў напяваў беларускі тэкст, што некалькі разоў на канцэртах ледзве не зблытаў яго з арыгіналам», - прызнаецца Сяргей.

«Смысловые галлюцинации» вырашылі пераспяваць па-беларуску свой новы хіт «Апошні дзень Зямлі» са свежага альбома «Сделано в темноте». Пераасэнсаваць на беларускую яго узяўся Уладзь Лянкевіч, які называе сябе даўнім прыхільнікам гурта. «Іх музыка была ў культавым фільме майго дзяцінства "Брат", іх песня "Зачем топтать любовь" гучала з кожнага шапіка, калі я вучыўся ў школе. І тады яны падаваліся такімі далёкімі замежнымі музыкантамі. Цяпер жа вельмі прыемна, што тыя самыя "Смысловые галюцинации" спяваюць новыя песні, і спяваюць іх нават па-беларуску ды яшчэ з маёй дапамогай. Я ў першую чаргу арыентаваўся на тое, каб перадаць настрой і ў той жа момант захаваць блізкае да арыгіналу фанетычнае гучанне, каб песня добра спявалася», - кажа перакладчык.

«У мяне былі незвычайныя эмоцыі падчас запіса, бо я разумеў, што сьпяваю на замежнай мове. А для мяне гэта сапраўды незвычайна», - дзеліцца сваімі эмоцыямі Сяргей Бабунец, якому пераклад прыйшоўся да спадобы. Праўда, ён зазначае, што на пачатку яму падалося, што па-беларуску яго тэкст гучыць трошкі сьмешна, але пры глыбейшым асэнсаваньні анічога сьмешнага не засталося: «Беларускія словы абсалютна спалучыліся з настроем песьні. У іх уся тая ж усясьветная туга».

«Смысловые галлюцинации» - частыя і жаданыя госьці ў Беларусі. Дарэчы, дырэктар гурта і суаўтар песень Алег Гененфельд мае беларускія карані. У Пінску нарадзілася яго бабуля і маці. Алег і Сяргей часта бываюць у іх у гасцях. Музыкі лічаць нашу краіну выспай маральнага дабрабыту. На іх прызнанне, тут ім давялося сустрэць людзей з такімі якасцямі, як дабрыня, чуллівасьць і адказнасць. «Гэтым на ўсёй постсавецкай прасторы ў такой ступені толькі хіба беларусы і могуць пахваліцца. Захоўвайце іх, калі ласка!», - заклікае Сяргей Бабунец, які, між іншым, з'яўляецца старшынёй камісіі па культуры і мастацтве ў Грамадскай палаце Свярдлоўскай вобласці.

Смысловые галлюцинации – Апошні дзень Зямлі (муз. Сяргей Бабунец, сл. Алег Гененфельд, Сяргей Бабунец, бел.тэкст – Уладзімер Лянкевіч)

    Калі стане няважна сваё і чужое,
    Калі на Зямлі застанецца нас двое.
    Надыдзе самы апошні ў свеце ўзыход,
    Мы знікнем з табой на многія тысячы год.

Прыпеў:

    Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет,
    Не памрэ святло, не загіне свет.
    Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет,
    Ў маіх вачах не загіне свет.
    У фінале апошняя песня і тытры,
    Скончыўся фільм нечакана і прыкра.
    Мы на планеце двое астатніх людзей –
    Нам больш не сустрэць анікога, ніколі, нідзе.

Песню можна спампаваць тут і або тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?