З 2012 года ў Беларусі знікнуць чэргі ў сельскіх выканкамах з ахвотных атрымаць зямельны ўчастак для будаўніцтва жылога дома. Але замест старых чэргаў з’явяцца новыя, сфармаваныя па новых правілах, зацверджаных Саўмінам.

У Беларусі дадзены старт даволі значнай зямельнай рэформе, якая закліканая спыніць ценевую спекуляцыю зямельнымі ўчасткамі, што даюцца тым «хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў» для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома. Адпаведныя змены прадугледжаныя Указам прэзідэнта № 431 ад 23 верасня 2011 года «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у галіне канфіскацыі, прадстаўлення і выкарыстання зямельных участкаў». Пра асноўныя моманты гэтага дакумента і пачатых зменаў расказаў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.

Як вынікае з тлумачэнняў Андрэя Гаева,

асноўным метадам барацьбы са спекулянтамі стане забарона асобам, «якія маюць патрэбу», адчужаць як зямельны ўчастак, так і аб’ект нерухомасці, размешчаны на гэтым участку, цягам 8 гадоў.
Названы тэрмін будзе адлічвацца з моманту ўводу дома ў эксплуатацыю. Прадаць усё раней за гэты тэрмін можна будзе толькі выканкаму і ў строга абмежаваных выпадках. Таксама названыя аб’екты нерухомасці можа рэалізаваць банк, якому гэтыя аб’екты былі перададзеныя ў іпатэку. Увогуле, шчыліны застаюцца, але вельмі вузкія, і мала хто з цяперашніх спекулянтаў пойдзе на такія складаныя схемы.

Як усё гэта ў выніку адаб’ецца на правах цяперашніх чаргавікоў, то бок ці змогуць яны ў рэальныя тэрміны купіць за ільготную цану зямельны ўчастак, пакуль не ясна, бо пакуль не распрацаваны новы парадак уліку такіх грамадзян. Гэты парадак павінен быць распрацаваны да канца года Саўмінам сумесна з зацікаўленымі ведамствамі. Цяпер жа Андрэй Гаеў не змог нават прыблізна пазначыць схему будучага ўліку чаргавікоў.

Аднак наўрад ці чаргавікам варта спадзявацца на істотнае ажыўленне механізму льготнага выдзялення зямельных участкаў. У прыватнасці, не закліканае спрыяць гэтаму ўсталяванае ўказам правіла, што выканкамы абавязаныя будуць выстаўляць на аўкцыён не менш за 30% ад сфармаваных зямельных участкаў. Здавалася б, 70% мусяць аддавацца чаргавікам. Аднак рэальнасць нас чакае, хутчэй за ўсё, наўпрост супрацьлеглая. Бо указам усталяваная толькі мінімальная колькасць зямельных участкаў для аўкцыёнаў. Максімальная ж колькасць такой зямлі указам не абмежаваная. Паводле словаў Андрэя Гаева, гэта аддадзена мясцовым органам улады, якія павінныя ўлічваць інтарэсы ўсіх грамадзян, што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Зразумела, што ва ўмовах вострага недахопу грашовых сродкаў выканкамы будуць старацца выстаўляць на аўкцыёны як мага большую колькасць зямельных участкаў.
Ужо цяпер, калі яшчэ не існуе заканадаўчага абавязку выканкамаў выстаўляць нейкую мінімальную колькасць участкаў на аўкцыёны, некаторыя органы мясцовай улады ўнеслі ў аўкцыённыя землі да 80% сфармаваных зямельных участкаў. Зразумела, што ў такіх умовах чарга, паводле якіх бы прыкметаў яна ні фармавалася з 2012 года, будзе рухацца яшчэ павольней, чым цяпер. Хоць дзякуючы чаканаму адтоку з чэргаў патэнцыйных спекулянтаў, некаторыя чаргавікі цалкам могуць убачыць святло ў канцы тунэля.

Таксама крыху прасцей стане будавацца, тым, хто не мае для гэтага ўласных сродкаў. Паводле словаў Андрэя Гаева, указ цяпер дае права ўласніку зямельнага ўчастка перадаваць гэты ўчастак банку ў іпатэку, для забяспечання вяртання крэдытных сродкаў. Раней такое было забаронена.

Пэўныя станоўчыя моманты з’явяцца і для бізнэсу.
Суб’екты гаспадарання, якія маюць ва ўласнасці капітальныя будынкі, змогуць набыць зямельныя ўчасткі, на якіх размешчаныя названыя будынкі, за 70% кадастравага кошту зямельнага ўчастка (цяпер за 100%). Мяркуючы па ўсім, урад спадзяецца за кошт гэтай ільготы пераламаць тэндэнцыю, калі суб’екты гаспадарання аддаюць перавагу карыстанню зямельным участкам на правах арэнды, не набываючы яго ва ўласнасць. Цяпер правам набыць зямельны ўчастак ва ўласнасць па яго кадастравым кошце скарысталіся толькі адзінкі.

Таксама юрыдычныя асобы з 2012 года змогуць атрымліваць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў без правядзення аўкцыёну на права заключэння дамоваў арэнды пры ўмове, што будаўніцтва будзе весціся для ўласных работнікаў арганізацыі. Таксама пры рэканструкцыі збудаванняў, калі існуе аб’ектыўная неабходнасць у дадатковым зямельным участку для завяршэння рэканструкцыі, гэты ўчастак таксама будзе аддавацца адпаведнай юрыдычнай асобе без правядзення аўкцыёну.

Увогуле, з 2012 года зямельныя адносіны ў беларускай дзяржаве стануць крыху больш справядлівымі, рынкавымі і ліберальнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?