Зняволены Мікалай Аўтуховіч змешчаны ў санчасць калоніі, паведаміў яго былы адвакат Павел Сапелка.

«Аўтуховіч знаходзіцца ў санчасці. Мне пра гэта паведамілі ўчора. З якога дня і па якой прычыне ён там, невядома», — сказаў Сапелка.

Паводле яго слоў, на 17 студзеня ў калоніі прызначаны суд над Аўтуховічам у сувязі з парушэннем рэжыму калоніі. «Гэта будзе такі ж працэс, як той, што прайшоў над Мікалаем Статкевічам.
І пройдзе ён па той жа схеме — у калоніі, без лішніх сведак, толькі ў прысутнасці адваката», — сказаў Сапелка. Ён адзначыў, што Аўтуховічу пагражае перавод з калоніі ў турму на вызначаны судом тэрмін.

Нагадаем, у маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным і ўказваюць на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя ў ходзе суда.

Аўтуховіч адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 5. Як адзначаюць праваабаронцы, увесь час утрымання ў спецустанове адміністрацыя аказвае на яго ціск. Больш за дзесяць разоў Мікалай Аўтуховіч прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?