Маладой іранскай акторцы Гальшыфце Фарахані, якая пражывае ў Францыі, урад Ірана забараніў вяртацца на радзіму пасля таго, як яна знялася аголенай для часопіса Le Figaro на знак пратэсту супраць абмежаванняў правоў жанчын у Іране.

Фота аголенай Фарахані выклікала актыўнае абмеркаванне ў Іране і на Блізкім Усходзе пасля таго, як яна апублікавала яго на сваёй старонцы ў Facebook (фота).

Маладая акторка пакінула Іран у мінулым годзе на знак пратэсту супраць абмежавальных ісламскіх законаў, якім вымушаная падпарадкоўвацца іранская кінаіндустрыя ў адпаведнасці з кансерватыўнай культурнай палітыкай прэзідэнта Ахмадзінежада.

«Мяне афіцыйна апавясцілі з Міністэрства культуры і ісламскай арыентацыі, што Іран не мае патрэбы ў акторах або артыстах, і я магу прапанаваць свае паслугі дзе-небудзь яшчэ», — сказала Фарахані.

Фарахані пачала граць у тэатры ў 6 гадоў, а ў 14 знялася ў першым фільме і адразу ж атрымала званне найлепшай акторкі на Тэгеранскім кінафестывалі «Фаджр».

З тых часоў яна знялася яшчэ ў 15 фільмах, практычна ўсе з якіх атрымалі ўзнагароды на розных кінафестывалях.
Адзін з апошніх фільмаў, «Сантуры», дзе яна знялася ў ролі жонкі галоўнага героя — музыкі, што прывык да наркотыкаў, стаў пікам яе папулярнасці, пры тым, што ў масавы паказ фільм да гэтага часу не выйшаў.

Акрамя працы ў кіно Фарахані з’яўляецца актывісткай прыродаахоўнага руху.

Фарахані знялася разам з Леанарда Ды Капрыа ў галівудскім фільме «Сукупнасць маны» дзе сыграла медсястру, якая дапамагае параненаму амерыканскаму агенту паправіцца і завяршыць сваю місію ў мусульманскай краіне.

Публікацыя фота акторкі супала з прысуджэннем «Залатога глобуса» іранскаму фільму «Развод Надэра і Сімін», пасля чаго іранскія ўлады загадалі зачыніць Дом кіно ў Тэгеране. Фарахані грала ў многіх фільмах рэжысёра «Разводу» Асгара Фархадзі.

Праз некалькі гадзін пасля таго, як фатаграфія была апублікаваная, Фарахані атрымала тысячы каментароў ад прыхільнікаў на яе старонцы Facebook, адны з якіх вінавацілі яе ў «непрыстойнасці», а іншыя захапляліся «мужнасцю ў барацьбе за правы жанчын у мусульманскіх краінах».

Іранскае кіно знаходзіцца пад вялікім прэсінгам ісламскіх уладаў краіны.
Самая гучная справа, звязаная з кінематографам, была распачатая супраць рэжысёра Джафара Панахі, пераможцы кінафестываляў у Канах, Венецыі і Берліне. У маі 2010 года ён быў арыштаваны разам са сваім калегам Махамадам Расулафам.

Пасля таго як за рэжысёра ўступілася ўся сусветная кінасупольнасць, яго часова выпусцілі пад заклад, але праз паўгода не толькі прысудзілі да турэмнага зняволення тэрмінам на шэсць гадоў, але і забаранілі 20 найбліжэйшых гадоў здымаць фільмы, пісаць сцэнары, мець зносіны з журналістамі і выязджаць з краіны.

У чаканні вердыкту апеляцыйнага суда Панахі зняў пра сваё жыццё карціну «Гэта не фільм», якую паказалі ў Канах. Аднак петыцыі, падпісаныя Марцінам Скарсэзэ, Фрэнсісам Фордам Копалам, Робертам Дэ Ніра, братамі Коэн, Стывенам Спілбергам, Оліверам Стоўнам, дзясяткамі іншых каназнакамітасцяў і дырэктарамі вядучых міжнародных фестываляў, не паўплывалі на суддзяў: прысуд пакінулі ў сіле, і толькі Расулафу скарацілі тэрмін зняволення да 1 года.

Вялікі міжнародны рэзананс выклікаў і лёс акторкі Марзіі Вафамехр, якую прысудзілі да 90 удараў пугай і зняволення за зняты ў Аўстраліі фільм «Распродаж майго Тэгерана», дзе гаворка ідзе пра акторку, якая пакутуе ад забароны на здымкі. Праўда, гэты вердыкт у выніку быў заменены больш мяккім.

Разам з тым, іранскае кіно працягвае выклікаць цікавасць на міжнародных фестывалях і акрамя палітыкі.
Так, стужка Асгара Фархадзі «Развод Надэра і Сімін», дзе каталізатарам канфлікту паміж мужам і жонкай робіцца яе жаданне любой цаной эміграваць, атрымала ў мінулым годзе на Берлінале «Залатога мядзведзя» за найлепшы фільм і «Срэбнага мядзведзя» за акторскі ансамбль, а таксама была ўдастоена звання найлепшага замежнага фільма года ад амерыканскай асацыяцыі кінакрытыкаў і цяпер лічыцца адным з наймацнейшых кандыдатаў на «Оскар» за найлепшы замежны фільм.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?