«Штоле»
вул. Ракаўская, 23;
вул. Казлова, 8
10.00–23.00
Тэл.
Сёння Ракаўскае прадмесце, на жаль, і прыблізна не мае той атмасферы, што панавала там яшчэ паўстагоддзя таму.Разам з вузенькімі вулачкамі, маленькімі хаткамі і рэшткамі Менскага замчышча паступова знікалі непаўторнасць і гістарычная выразнасць нашай сталіцы.
Цалкам аднавіць страчанае прадмесце нерэальна, але ж надаць «атмасфернасці» ўсё ж можна. Напрыклад, адкрыць утульныя кавярні на еўрапейскі лад.
Прыклад — «Штоле». Прыемны інтэр’ер, добры сэрвіс і даволі неблагая кухня забяспечваюць пастаянны наплыў кліентаў. Але галоўная асаблівасць «Штоле» — іх выпечка, а дакладней пірагі. Менавіта пірагі, якія ў сетцы «Штоле» вырабляюцца па адмысловым рэцэпце, заваявалі публіку ў 54 гарадах Расіі, Рызе, а таксама ў Мінску.
Што да інтэр’еру, то «Штоле» не здзівіць кагосьці арыгінальнасцю альбо навіной.Наадварот, унутранае афармленне выкананае ў даволі звычайнай манеры: гэта спакойныя адценні, прыемнае, злёгку прыглушанае святло, класічная мэбля, даволі папсовыя фотаздымкі старога Мінска. «Штоле» ў першую чаргу арыентуецца не на пышнасць інтэр’еру, а на ўласную выпечку.
Асартыментам пірагоў — ягадных, мясных, капусных, ласосевых і іншых — «Штоле» дагодзіць усім і кожнаму.Але ж тут нельга не заўважыць вялікі мінус — сюды нялёгка трапіць, калі ў наяўнасці ёсць усе пірагі, паказаныя ў меню: вялікі попыт. Таму парада для тых, хто збіраецца наведаць гэтае месца: замоўце пірог загадзя, тады ён абавязкова вас «дачакаецца». Таксама трэба заўважыць, што днём пірагі свяжэйшыя, чым тыя, што прадаюцца ўвечары, бо выпечку гатуюць у першай палове дня. Суадносячы цану і якасць, рэкамендую паспрабаваць пірог з капустай, трусам альбо цытрынай.
Акрамя «хлебабулачных вырабаў» у «Штолле» ёсць і звыклы набор страваў. Нельга не адзначыць, што апроч іншага тут па ўласным рэцэпце гатуюць квас, морс і настойкі,якія карыстаюцца поспехам. «Штоле» мае поўную ліцэнзію, таму з «сагравальнага» тут ёсць не толькі кава і гарбата, але і разнастайныя алкагольныя напоі.
Вы можаце арыентавацца прыблізна на наступныя цэны:
Пірог (1 кг) — 80 000
Пірог (250 г) — 25 000
Гарбата — 10 000–17 000
Кава — 20 000.
Першыя стравы — 14 000–28 000
Другія стравы — 40 000–80 000
«Штоле» на Ракаўскай — добрае месца для спакойнага вечара.Сам па сабе праект унікальны па мерках сённяшняга Мінска. Людзі з задавальненнем прыходзяць сюды альбо заказваюць пірагі на дом. Адно дрэнна: праз гэты нечуваны грамадскі ажыятаж пірагі даволі складана купіць.
0
0
0
0
0
0