Як паведамілі ў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», 5 лютага пачынаючы з 14.45 былі збоі ў працы каналаў сувязі, арганізаваных правайдарамі міжнародных плацежных сістэм Visa і МаsterCard.
«Гэтыя збоі ніяк не звязаныя з прафілактычнымі работамі, што праводзіліся ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» у ноч з 4 на 5 лютага, пра якія банкі былі своечасова праінфармаваныя», — падкрэслілі ў працэсінгавым цэнтры.
Паводле звестак спецыялістаў цэнтра, 6 лютага з 6.22 і па зараз канал з міжнароднай плацежнай сістэмай VISA працуе стабільна.
У працы канала з міжнароднай плацежнай сістэмай МasterCard па гэты час назіраюцца перабоі.
«Вышэйапісаныя тэхнічныя праблемы не адносяцца да зоны адказнасці прадпрыемства ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», — падкрэслілі ў цэнтры.
Праблем з абслугоўваннем банкаўскіх картак унутранай плацежнай сістэмы «БелКарт» зафіксавана не было. Аперацыі па банкаўскіх картках плацежнай сістэмы «БелКарт» апрацоўваюцца ў штатным рэжыме.
Паводле звестак Нацбанка, у Беларусі колькасць пластыкавых картак, што знаходзяцца ў абыходжанні, павялічылася за 2011 год на 6,7% — да 9,863 млн. штук на 1 студзеня 2012 года. У тым ліку 4,382 млн. картак сістэмы «БелКарт», 5,482 млн. картак міжнародных плацежных сістэм.
Паводле звестак на 1 студзеня 2012 года ў Беларусі ўстаноўлена 3,317 тыс. банкаматаў, 3,191 тыс. інфакіёскаў і 80 імпрынтараў, 25,747 тыс. арганізацый гандлю (сэрвісу) аснашчаны 40,729 тыс. плацежных тэрміналаў.
На 1 студзеня 2012 года 24 банкі Беларусі эмітавалі пластыкавыя карткі ўнутраных, міжнародных і ўнутраных прыватных плацежных сістэм.