Дарога ад Брэста да Давыд-Гарадка займае пяць гадзін.

Падсеўшы на палове дарогі ў «Радзіміч», што добра спазняўся, я са здзіўленнем выявіў, што белы ён не толькі звонку, але і знутры.
Шэрань праступала на зламанай абшыўцы столі. На абледзянелых вокнах можна было маляваць любыя ўзоры, падлога салона была пакрытая ледзяной скарынкай, быццам коўзанка на колах.
Пасажыры, якія стаміліся хутацца і стукаць зубамі, часам падыходзілі да кіроўцы і прасілі «паддаць жару».
Але той толькі разводзіў рукамі і скардзіўся на надвор’е: маўляў, гэта яно зрабіла нам такія выпрабаванні, а я раблю ўсё, што магу.

І сапраўды рабіў. Нават у шкоду сабе і бяспецы руху пераводзіў рэгулятар ацяпляльніка ў крайняе становішча, каб прагрэтае паветра максімальна даходзіла да пасажыраў. Пры гэтым лабавое шкло было наскрозь прамерзлым, і кіроўцу нічога не заставалася, як рукой расчышчаць на ім квадрацік, каб хоць што-небудзь бачыць на дарозе.

Зрэшты, нават такія меры дапамагалі слаба.
Бо сістэма абагравання «Радзіміча» ўладкаваная так, што патрубкі з цепланосьбітам праходзяць толькі па левым баку салона, як быццам справа прадугледжаныя месцы для пінгвінаў. Натуральна, цыркуляцыя паветра была няпоўнай, і мерзлі ўсе, хто знаходзіўся ў аўтобусе, — 25 пасажыраў.

На другі дзень я пацікавіўся ў абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі: ці прадугледжаныя санітарнымі нормамі лімітныя мінімальныя тэмпературы ў транспарце. Аказалася, што не. У грамадстве абароны спажыўцоў мне адказалі, што да іх з такімі прэтэнзіямі ніхто не звяртаўся. Маўляў, калі чалавека давезлі, паслуга лічыцца аказанай, а пры якой тэмпературы, здаецца, і не важна.

А вось што сказаў з гэтай нагоды генеральны дырэктар ААТ «Брэстаблаўтатранс» Ананій Хвасцюк:

— Тэхнічныя характарыстыкі аўтобусаў «Радзіміч», якія складаюць вялікую частку парку малой і сярэдняй ёмістасці, не забяспечваюць камфортных умоваў для пасажыраў пры тэмпературы навакольнага паветра ніжэй за мінус 15
[у нядзелю ў Брэсцкім рэгіёне было каля 18 марозу]. Хоць і паліва ў такія маразы даводзіцца траціць значна больш, мы проста не ў стане нічога зрабіць, пакуль не стане хоць бы на некалькі градусаў цяплей.
Аўтобусы малой умяшчальнасці «Радзіміч» А092 выпускаюцца з 2005 года на Гомельскім аўтарамонтным заводзе. Вырабленыя на базе грузавога шасі Isuzu.
Дадзеная мадэль з паўцвёрдымі сядзеннямі прызначаная для выкарыстання ў асноўным на прыгарадных маршрутах. Аднак рэальна на ёй ажыццяўляюцца перавозкі на «міжгорад».
На думку многіх пасажыраў, ступень камфорту ў гэтых аўтобусах пакідае жадаць лепшага.
Максімальная хуткасць — 75 км у гадзіну — часцяком не дазваляе вытрымліваць графік руху. Але найбольшыя нараканні выклікае сістэма ацяплення і вентыляцыі. Улетку ў салонах вельмі горача, зімой — халодна. І не толькі пры экстрэмальных маразах.
Вось такі не самы ўдалы прыклад імпартазамяшчэння.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?