Лявон Калядзінскі нарадзіўся ў Мінску, яго дзяцінства праходзіла на старой Нямізе, старасвецкая забудова якой тады яшчэ не была парушаная. У гэтым куточку старога Мінска нават у пасляваенны час доўга захоўваліся традыцыі і звычкі ранейшага гарадскога жыцця, пазней размытыя хваляй масавай міграцыі.
Маленькаму Лявону таксама досыць рана давялося пабываць там, дзе пачынаецца хуткаплынны Нёман, у вёсачках Уздзенскага раёна, адкуль быў родам ягоны дзед. Сярод маляўнічай прыроды і нетаропкага вясковага побыту ён засвойваў прыгажосць беларускай мовы і народных песень, бачыў працу земляробаў, багацце і красу наднёманскіх лясоў.
Пасля заканчэння школы дапытлівы юнак паступіў вучыцца на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, дзе адначасна з ім вучыліся такія вядомыя ў далейшым навукоўцы як Людміла Дучыц, Анатоль Цітоў
і іншыя. І хаця трохі пазней вучоба на нейкі час была перарвана службай у войску, гэта не перашкодзіла станаўленню прафесійнага гісторыка. У вольны ад службовых абавязкаў час
Лявон шмат чытаў, усё больш пранікаючыся цікавасцю да далёкай мінуўшчыны, а таксама засвойваў найлепшыя здабыткі прыгожага пісьменства.
Армейская служба, калі ў адным падраздзяленні маглі знаходзіцца часам прадстаўнікі дзясяткаў нацыянальнасцяў, дапамагла больш выразна адчуць сябе беларусам, усвядоміць салідарнасць з саслужыўцамі-землякамі, на прыкладзе воінаў з іншых рэспублік адчуць гонар за сваю мову і свае этнічныя рысы.
Дэмабілізаваўшыся, Лявон (паколькі вучыўся на вячэрнім аддзяленні) адначасова ўладкаваўся на працу ў тагачасны сектар археалогіі Інстытута гістоыі Акадэміі навук Беларусі.
Гэтай навуковай установе было суджана стаць месцам яго далейшай працы больш чым на дваццаць гадоў.
Кіраўнік сектара, Леанід Побаль, прыкладаў вялікія намаганні па стварэнні паўнавартаснай археалагічнай арганізацыі, якая магла б каардынаваць і ўзначальваць вывучэнне археалагічных помнікаў і дапісьмовай гісторыі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. «Выбіваліся» фінансавыя сродкі, ствараліся кадры супрацоўнікаў, якія ў перспектыве планавалася разгарнуць у самастойны інстытут,
вяліся даследаванні ўсё новых помнікаў самых розных эпох, сярод якіх не апошняе месца займалі рэшткі гарадоў часоў Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага.
Усіх новых супрацоўнікаў строгі кіраўнік любіў праверыць у справе — ці не выпадковы гэта чалавек, ці не напалохаюць яго цяжкасці палявой працы
і паходнага побыту, і таму меў традыцыю браць з сабой на раскопкі, якія праводзіў на Магілёўшчыне. Амаль як у песні У. Высоцкага:" Парня в горы тяни, рискни, не бросай одного его…» Першае выпрабаванне працай удалечыні ад сталіцы Лявон Калядзінскі з гонарам вытрымаў, не зламаўся і не расчараваўся.
Наступны палявы сезон ён правёў на раскопках сярэднявечнага Бярэсця,
дзе ўмовы былі яшчэ больш складанымі, бо даводзілася раскопваць рэшткі жытлаў і іншых драўляных збудаванняў ХІІ-ХІV ст., драўляных вуліц і дваровых насцілаў, дзе залягалі шматлікія знаходкі, якія характарызавалі культуру і жыццё нашых продкаў. І гэта
ўсё трэба было не толькі адкапаць і расчысціць ад шматвяковых напластаванняў, але і кожнае бервяно абмераць, замаляваць, нанесці на план, пры дапамозе нівеліра зафіксаваць глыбіню.
Жыць жа і харчавацца ў час экспедыцыі даводзілася ў больш чым сціплых умовах. І хоць сярэднявечны горад з рэшткамі драўляных збудаванняў было раскопваць нашмат складаней, чым першабытныя паселішчы, менавіта
даследаванне сярэднявечных гарадоў стала для Лявона з таго часу галоўнай сферай навуковых інтарэсаў.
Пасля Бярэсця быў Віцебск, які ён раскопваў спачатку разам з вопытным археолагам Міхасём Ткачовым,
а пасля на працягу шэрагу гадоў-самастойна. Вынікам раскопак Верхняга замка Віцебска стала кандыдацкая дысертацыя, якую Лявон паспяхова абараніў у 1991годзе. Паралельна даводзілася, як і іншым археолагам, час ад часу выязджаць на абследаванне помнікаў шэрагу сельскіх раёнаў, паколькі ішло стварэнне фундаментальнага «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».
У Віцебску першапачаткова планавалася стварэнне археалагічнага музея накшталт таго, які трохі раней быў створаны ў Бярэсці, і дзе ўнутры шклянога павільёна ў экспазіцыі прадстаўлены рэшткі закансерваваных драўляных збудаванняў
і археалагічныя знаходкі. Археолагі сваю частку працы па стварэнні музея ў Віцебску прарабілі, але ж для такой справы патрабаваліся намаганні не толькі археолагаў, але і іншых адмыслоўцаў і службаў, а таксама адпаведнае фінансаванне.

З сярэдзіны 1980-х Калядзінскі,

паколькі раскопкі Віцебска ў асноўным былі завершаныя, пачынае даследаванне аднаго з найважнейшых гарадоў Цэнтральнай Беларусі- Слуцка.
Адзін з замежных вандроўнікаў пачатку ХVII ст. нават пісаў пра Слуцк, што той большы за Менск і " таргамі больш слаўны». Слуцк на працягу некалькіх стагоддзяў быў сталіцай княства, якое належала спачатку Алелькавічам, а потым Радзівілам. Ураджэнцы Случчыны шмат зрабілі для адраджэння беларускай дзяржаўнасці.
Дзякуючы раскопкам Л. Калядзінскага, удалося даследаваць багатую сярэднявечную культуру горада, высветліць сістэму планіроўкі і забудовы, характар умацаванняў, знайсці шматлікія рэчы штодзённага побыту гараджан.
Шэраг знаходак сведчыць пра інтэнсіўныя гандлёвыя сувязі з Каўказам, Прычарнамор’ем, балтыйскімі землямі, Украінай. Яшчэ ў ХІІ ст. у горадзе быў узведзены мураваны храм, што сведчыла пра заможнасць і высокі прэстыж Слуцка. Яшчэ адны дадатковыя раскопкі гэтага горада праведзены ў 1990-я, пры падрыхтоўцы да ўстанаўлення помніка святой княгіні Соф’і Слуцкай.

Яшчэ ў другой палове 1980-х Лявон Уладзіміравіч, як і некаторыя ягоныя калегі, адчуў неабходнасць падзяліцца ведамі і багатым вопытам з моладдзю, таму,

не парываючы з працай у Акадэміі навук, стаў чытаць лекцыі студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Беларускай акадэміі мастацтваў і Мінскага ўніверсітэта культуры (цяпер Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў).
Ад 1995 ён перайшоў на сталую працу ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Кожнае лета ён
праводзіў археалагічную практыку сваіх студэнтаў на даследаванні сярэднявечнага Капыля, яшчэ аднаго з гарадоў колішняга Слуцкага княства, дзе рабіў раскопкі дзядзінца на Замкавай гары, вакольнага горада, курганоў у цэнтры горада і каля дарогі з Капыля ў Грозава (урочышча Дубы), абследаваў рэшткі перадграддзя і мястэчка. Менавіта дзякуючы раскопкам Лявона Калядзінскага ўдалося высветліць, што Капыль узнік на два з лішнім стагоддзі раней за першую згадку ў летапісе.

Лявон кіраваў і раскопкамі курганаў каля в. Васілінкі Слуцкага раёна, браў удзел у раскопках Нясвіжскага замка, раннеславянскага паселішча Снядзін у Петрыкаўскім раёне, раскопках Верхняга горада, Нямігі, Лошыцы і Сухарава ў Мінску. У свой час для «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ён абследаваў археалагічныя помнікі Віцебскага, Карэліцкага, Чавускага і Уздзенскага раёнаў. Як прызнаны спецыяліст па сярэднявечным Слуцку,

Лявон быў кансультантам пры стварэнні кінафільма " Анастасія Слуцкая».
Па заданню Генеральнай пракуратуры, якая праводзіла следства па высвятленні характару і абставін пахаванняў у Курапатах, ён быў адным з удзельнікаў раскопак гэтага некропаля ахвяр масавых рэпрэсій 1937–1941гадоў.

Цяпер, калі за плячыма вопыт навуковай працы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, і захоўваецца досыць добрая фізічная форма ды яшчэ дастаткова энэргіі, Лявон Калядзінскі па-ранейшаму поўны творчых планаў. Чакаюць напісання манаграфіі па выніках раскопак Віцебска, Слуцка, Капыля, ёсць выразныя планы стварэння навукова-папулярных прац. Прыклад шэрагу знаёмых археолагаў, якія плённа працуюць нават у 80 і 90 гадоў, натхняе і абавязвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0