Прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч папярэджаны пра недапушчальнасць дзеянняў, якія могуць быць накіраваны на «падрыў дзяржаўнага суверэнітэту». Папярэджанне апазіцыйнаму палітыку было вынесена ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, куды яго выклікалі 27 сакавіка.

«Сёння ў 15.00 мне прапанавалі яшчэ раз падысці ў пракуратуру, дзе будзе выдадзена пісьмовае папярэджанне», — паведаміў Івашкевіч журналістам.

Паводле словаў палітыка, папярэджанне звязана з яго выказваннямі пра неабходнасць увядзення санкцый супраць беларускага рэжыму. «Я сябе не лічу вінаватым у падрыве дзяржаўнага суверэнітэту. Наадварот, дзеянні беларускіх уладаў, іх рэпрэсіі правакуюць і падштурхоўваюць да ўвядзення супраць краіны санкцый.

Не ад выказванняў Івашкевіча залежыць ўвядзенне санкцый, а ад паводзінаў уладаў», — падкрэсліў Івашкевіч.

Ён таксама паведаміў, што разглядае магчымасць звароту ў пракуратуру з просьбай ацаніць дзеянні беларускіх уладаў на прадмет падрыву дзяржаўнага суверэнітэту. «Я спытаў у пракуратуры, ці будуць яны разглядаць магчымыя дзеянні на падрыў дзяржсуверэнітэту, калі яны будуць зыходзіць з боку ўладаў, чыноўнікаў. Мне адказалі, што праверку могуць праводзіць у дачыненні да любога грамадзяніна», — распавёў палітык.

Нагадаем, 14 сакавіка Віктар Івашкевіч звярнуўся да ўрадаў еўрапейскіх краін з заклікам неадкладна ўвесці эмбарга на куплю і транспарціроўку беларускіх нафтапрадуктаў да вызвалення асуджанага апазіцыянера Сяргея Каваленкі, які трымае працяглую галадоўку і страціў больш за 30 кг вагі.

«Натуральна, дыктатар па добрай волі нікога не адпусціць. Значыць, яго трэба прымусіць гэта зрабіць. Прымусіць Лукашэнку выпусціць з турмы ўсіх палітвязняў, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі, такія як забарона урадамі краін Еўрапейскага саюза купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі. Але для таго, каб такія санкцыі былі ўведзеныя, беларускім палітыкам, грамадскім дзеячам, усім беларусам, каго сапраўды хвалюе лёс Сяргея Каваленкі, неабходна тэрмінова, ясна і публічна запатрабаваць ад еўрапейскіх краін гэтыя санкцыі ўвесці. Таму я, Івашкевіч Віктар Антонавіч, сустаршыня Рады прадстаўнікоў Народных сходаў, адкрыта і публічна звяртаюся да ўрадаў еўрапейскіх краін з патрабаваннем неадкладнага забароны купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі, інакш смерць Сяргея Каваленкі ляжа і на ваша сумленне», — гаварылася ў звароце палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?