Як выявілася, у гэтую катэгорыю запісалі сябе тыя, хто зарабляе ў месяц ад 2,5 млн рублёў (дадзеныя на пачатак сакавіка). Калі суадносіць гэтыя дадзеныя са статыстыкай заробкаў, то атрымліваецца, што кожны трэці жыхар сталіцы адчувае сябе сярэднім класам.

Дарэчы, гэта толькі на першы погляд можа здацца, што самаацэнка ў беларусаў завышаная.
У суседняй Расіі ў мінулым годзе сацыёлагі «Левада-Цэнтр» таксама шукалі сярэдні клас. Да яго сябе спакойна аднеслі 86% апытаных. Украінцы аказаліся сціплейшымі: паводле дадзеных тамтэйшых сацыёлагаў, сераднякамі сябе лічаць 40% жыхароў краіны.

Насамрэч нейкага трафарэтнага падыходу да навуковага вызначэння сярэдняга класа няма нідзе ў свеце. Традыцыйна прынята лічыць, што гэта людзі, якія знаходзяцца паміж самымі багатымі і самымі беднымі. Але пры гэтым серадняк-літовец або серадняк-расіец заўсёды мае сваю машыну і дом, а серадняк-украінец хоць і зарабляе прыстойна, але палову грошай траціць на ежу.

У эліту запісвацца яшчэ рана, але і жабракамі быць ужо сорамна

— Крытэры вызначэння сярэдняга класа ў кожнай краіне розныя, — кажа дырэктар Мінскага навукова-даследчага інстытута сацыяльна-эканамічных праблем Алег Кабяк. — Калі ў ЗША адзін з паказчыкаў сярэдняга класа — вышэйшая адукацыя, то ў нас тут ёсць нюанс. Напрыклад, у нас можна скончыць школу, вучылішча, удала ўладкавацца на працу і атрымліваць заробак каля 3 млн рублёў. Але пры гэтым чалавек, які пасля ВНУ вырашыў заняцца навуковай дзейнасцю, пачынае з зарплаты крыху больш за 1 млн рублёў.

— Я б адносіла да сярэдняга класа тых, хто не проста ходзіць на працу і атрымлівае стабільную зарплату, але можа прымяніць у жыцці атрыманую адукацыю і робіцца прафесіяналам,
 — дапаўняе намеснік дырэктара Ірына Якаўлева. — Сярэдні клас мае высокую сацыяльную актыўнасць, гэта людзі, якія не чакаюць, што дзяржава вырашыць усе іх праблемы. Акрамя таго, сваю зарплату чалавек сярэдняга класа траціць не толькі на прадукты-камуналку, але і на нейкія культурныя патрэбы, свае захапленні. Сацыёлагі схільныя адносіць да сярэдняга класа ў Беларусі тых, хто зарабляе ад 4 млн рублёў. Гэта значыць, колькасць тых, хто сам адносіць сябе да сярэдняга класа, больш за тых, хто рэальна да яго адносіцца. Калі вярнуцца да той жа статыстыкі, то ў Мінску гэта будзе толькі кожны чацвёрты працаўнік (праўда, гэта дадзеныя на пачатак года), а ў краіне — крыху больш за 10% ад усіх працаўнікоў. Эканамісты і сацыёлагі тлумачаць гэта проста: сярэдні клас залежыць не так ад заробку і ўласнасці, як ад успрымання канкрэтным чалавекам якасці і перспектываў свайго жыцця. Маўляў, прызнацца ў тым, што ты жабрак ці непаспяховы, вельмі цяжка. Вось і запісваюцца ў сераднякі людзі з заробкамі, далёкімі ад еўрапейскіх.

Як выглядае сярэдні клас у розных краінах

РАСІЯ

Прыбытак — ад 1000 даляраў. Кватэра або дом. Машына. Банкаўскія ашчаджэнні. Месца працы: нафтагазавы комплекс, энергетыка, фінансавы сектар.

ЗША

Прыбытак — 2–8 тыс. даляраў. Уласнае жыллё (часта — пабудаванае ў крэдыт). Аўтамабіль у кожнага члена сям’і. Рахунак у банку, ашчаджэнні. Месца працы: дактары, юрысты, архітэктары, інжынеры, акрамя вышэйшай адукацыі часта маюць навуковую ступень.

БЕЛАРУСЬ

Зарплата — ад 400 даляраў і вышэй. Кватэра ва ўласнасці і дача (часта ў выглядзе вясковага дома). Мае магчымасць атрымаць і выплаціць крэдыт на буйныя пакупкі. Паездка на адпачынак раз на год (хаця б у Крым дзікуном). Мае хобі, якое патрабуе пэўных матэрыяльных укладанняў (катанне на лыжах, боўлінг, удзел у рыцарскіх клубах і гэтак далей). Можа працаваць як у дзяржсектары, так і ў прыватным бізнэсе.

УКРАІНА

Зарплата — ад 1000 даляраў. Уласнае жыллё. Аўто не старэйшае за 10 гадоў. Рахунак у банку. Да паловы ўсіх выдаткаў сыходзіць на харчаванне. Дзе працуе: мае ўласны бізнэс або працуе ў сферы гандлю, абслугоўвання, органах дзяржкіравання.

ЛІТВА

Заробак — 1500–1800 даляраў. Жыве ў горадзе. Мае сваё жыллё. Адзін аўтамабіль на сям’ю. Можа аплачваць навучанне сваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?