Беларусь 13 красавіка 2012 года ў мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце stand-by МВФ ажыццявіла першае пагашэнне асноўнага доўгу ў памеры 64,7 млн. СДР, што эквівалентна 99,8 млн. долараў ЗША, паведаміла Міністэрства фінансаў.

Нагадаем, у 2009–2010 гадах Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала каля 3,46 млрд. долараў.

У 2012 годзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга доўгу Беларусі павінна быць выдзелена 1,631 млрд. долараў. Самыя буйныя плацяжы павінны быць скіраваныя на пагашэнне крэдытаў МВФ — 562,91 млн. долараў.

Па стане на 1 сакавіка 2012 года знешні дзярждоўг склаў 11,9 млрд. долараў ЗША. За 2011 год знешні дзяржаўны доўг Беларусі ўзрос на 2,3 млрд. долараў ЗША, або на 24,4%. Яго рост быў забяспечаны прыцягненнем нязвязаных крэдытных рэсурсаў для папаўнення золатавалютных рэзерваў: аблігацыі на міжнародным фінансавым рынку (800 млн. долараў); крэдыт Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (1 млрд. 240 млн. долараў).

Паводле ацэнак Мінфіна, на канец 2012 года знешні дзярждоўг можа ўзрасці да 14 млрд. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?