Такім чынам, з удмурцкімі бабулямі ў фінале сустрэнуцца:

Літва — удзельнік «Славянскага базара» скарыў яшчэ і Еўропу,

Боснія і Герцагавінабэк-вакалістка аказалася лепшай за свайго вакаліста,

Сербія — еўрапейцы далі Жэльку другі шанец,

Украіна (+ Конга два ў адной) — усё ж такі вакал у Гайтаны цудоўны,

Швецыя — стылёва, хоць і не другая Абба,

Македонія — рок часоў СЭВ і Варшаўскай дамовы паслухаем яшчэ раз,

Нарвегія — тут усе шанцы на інтэрнацыянальны хіт,

Эстонія — крунэрскае майстэрства ацанілі, але ці ёсць шанцы?

Мальта — а вось і наш галоўны супернік падцягнуўся,

Турцыя — усё ж такі ўсходнія рытмы працуюць…

А Лайтсаўнд у пралёце. Хоць і адыгралі хлопцы карэктна. Беларусь не выйшла, хоць шанцы былі. Што ж, мо ў наступным годзе пашлюць нешта нацыянальна-беларускае ўрэшце.

* * *

Сёння адбываецца другая частка «Еўрабачання». Суайчыннікі з Litesound спрабуюць упэўніць Еўропу ў тым, што яны — героі, серб Жэлька Ёксімавіч будзе імкнуцца змяніць другое месца на першае, украінка/кангалезка Гайтана папулярызуе народныя строі, а 15 іншых спевакоў таксама знойдуць, чым здзівіць. Глядзім Еўрабачанне разам з «Нашай Нівай».

Сербія

Жэлька Ёксімавіч

Nije ljubav stvar

Мультыінструменталіст з Сербіі штурмуе «Еўрабачанне» ўжо другі раз — у 2004 годзе ён дабраўся да другога месца, пра што некаторыя краіны толькі мараць. Аднак, з усіх адзінаццаці інструментаў, якімі валодае Ёксімавіч, у песні выкарыстоўваецца адзін раяль. Спявае Ёксімавіч па-сербску, і гэтагучыць выдатна, хоць і назва песні ўсяго толькі «Каханне — не рэч».

Македонія Каліопі

Cerno i belo

А вось яшчэ адзін ветэран эстрады — македонская спявачка Каліопі, якая спявае з 1976 года (на фоне брытанскага ўдзельніка Хампердзінка яна, канечне ж, малады выканавец). На радзіме Каліопі — сапраўдная зорка. У яе больш за дзесяць альбомаў і ўсенародная любоў. Песня пра «чорнае і белае» пачынаецца як чарговая балада пад клавішы, але працягваецца ў рокавым ключы. Праўда, гэта рок 80-х з краін СЭВ. Грошы на яе ставіць не раім.

Нідэрланды

Джаан Франка

You and me

Дзяўчына ў індзейскім строі спявае пад акустычную гітару, да якой пасля дадаецца кантры-бэнд з банджа і перкусіяй. Джаан Франка нагадвае спявачку Джаан Баэз — інструменты, мелодыка, стыль і нават імя. З іншага боку кантры-фолк на «Еўрабачанні» пачуеш рэдка. Прынамсі, не так часта, як балады пад раяль. Другое рэтра за два дні — ёсць меркаванне, што яна паўторыць сумны лёс ізраільскіх канкурсантаў — а шкада.

Мальта

Курт Калея

This is the night

Пра спевака з Мальты пакуль вядома адно — ён двойчы спрабаваў трапіць на «Еўрабачанне» і ён вельмі падобны на расійскага шоумэна Івана Урганта. Па гучанні Курт — найбліжэйшы канкурэнт Litesound: той самы сучасны поп-рок, які гучыць на радыё ў межах 25% замежнай музыкі. Песня мае хітовы патэнцыял, і змагацца беларусам давядзецца ў першую чаргу з ім.

Беларусь Litesound

We’re the Heroes

А вось галоўная інтрыга вечара для жыхароў Беларусі.

З чым нам не пашанцавала? З Мальтай — калі б перад «Лайтсаўндамі» выступіла якая-небудзь дзяўчына з баладай, было б прасцей — а выступаць з песняй ў тым жа стылі адразу пасля цяжка. У меладычным плане ў Беларусі шанцаў болей, а вось па акцэнце мы прайграем. Тым не менш, у рэшце рэшт, Беларусь даслала на конкурс кагосьці, хто сочыць за музычнай модай і каго любяць на Радзіме без планавага распаўсюду квіткоў. Хлопцы яны неадназанчныя, рэпутацыя ў іх скандальная, але ўявіць гэтую песню на якім-небудзь еўрапейскім поп-канале цалкам можна. У фінале паслухаем яшчэ раз. На шчасце, браты на сцэне не біліся…

Партугалія

Філіпа Соза

Vida Minha

Вось пасля каго беларусам было б добра выступіць. Партугалія захоўвае свае традыцыі — менавіта такая музыка там заўжды гучала, гучыць і будзе гучаць. Можна паспрачацца, што 12 балаў ад Расіі яна атрымае. Рэч у тым, што попытам у Расіі такая музыка карыстаецца як нідзе. Гэта як спявачка Лаліта Торэс, якую ў СССР ведалі ўсе, а ў роднай Іспаніі амаль ніхто.

Украіна Гайтана

Be my Guest

Бацька Гайтаны прыехаў з Конга, дзе і сама спявачка пэўны час жыла. Магчыма, гэтым тлумачыцца яе захапленне афра-рытмамі і мелодыямі. Вось яе песня, напрыклад, мае абсалютна соўлавую вакальную партыю, што ўжо зрабіла яе хітом у некаторых краінах. Пры гэтым вельмі прыемна бачыць украінскі вянок, чуць еўрапейскія рытмы і «чорны» соўлавы голас адначасова — просты шлях у фінал.

Балгарыя

Сафі Марынава

Love Unlimited

Самае цяжкае ў такіх конкурсах як «Еўрабачанне» — вытрываць неймаверную колькасць песняў пра каханне. Іншы выпадак — калі яны на розных мовах. Вось і балгарка Сафі Марынава спявае пра каханне па-балгарску. Сама спявачка мае цыганскае паходжанне, аднак цыганскіх рытмаў у песні няма — гэта тыповая электроніка, пасля якой Litesound выглядаў бы ідэальна. Наўрад ці мы яе пачуем у суботу.

Славенія

Ева Бота

Verjamem

Пад сярэдзіну сённяшні паўфінал губляе пачатковы запал — другая запар песня гучыць другасна. Адна радасць, што абедзве — на нацыянальных мовах. Калі верыць інтэрнэту, то ў Евы Бота ў Славеніі ў любым выпадку вялікая будучыня.

Харватыя

Ніна Бадрыч

Nebo

Ніна Бадрыч таксама не раз спрабавала трапіць на «Еўрабачанне», але пашанцавала толькі сёлета. Ад папярэдніх выканаўцаў яна адрозніваецца прыемным голасам з ледзь заўважнай хрыпінкай, што надае яе акустычнай поп-соўл песні прыемнае адценне. Спявае Ніна ад 1995 года, да таго працавала касіркай у банку. І правільна робіць, што спявае — на зайздрасць фінскім гандбалісткам.

Швецыя Лорын

Euphoria

Кожнае «Еўрабачанне» — добрая магчымасць пазайздросціць і адначасова паспачуваць шведам. Пазайздросціць — бо менавіта ад іх у свой час перамаглі адзіныя сусветныя поп-куміры АВВА. Паспачуваць — бо болей так не ўдаецца. Спявачка Лорын мае мараканска-берберскае паходжанне, экзатычны выгляд, але пры гэтым нейкую зусім ужо звычайную песню. А ад шведаў дагэтуль чакаюць чаго-небудзь «гэткага».

Грузія

Анры Джахадзэ

I’m a Jocker

Джахадзэ спявае на грузінска-англійскай мяшанцы, з сапраўдным грузінскім барытонам, аднак аранжыроўка песні не вытрымлівае крытыкі. Сёлета ўвогуле багата няякасных аранжыровак. Пры гэтым няроўная мелодыя, у якой сустракаюцца сапраўдныя сюрпрызы, уражвае. Ледзь не фанк гучыць месцамі. У фінал песня можа трапіць — аднак не болей за тое.

Турцыя

Джан Банома

Love me Back

Турцыя як і Партугалія — музычная традыцыя тут настолькі моцная, што якую б песню для якога конкурсу ці проста так тут не стваралі, заўжды здагадваешся, што пачуеш. Тыя, каму падабаюцца арабскія меладычныя зігзагі і вытанчаныя мелодыі ўсходняга свету, вельмі ацэняць гэты нумар.

Эстонія

Ота Леплэнд

Kuula

Як бы гучаў Джордж Майкл, калі б спяваў па-эстонску — нешта падказвае, што менавіта так. У Леплэнда таксама стаж спеваў гадоў пятнаццаць. Усё гэта зроблена вельмі прафесійна і пад абавязковы раяль, але, вось дзіва: не чапляе. Узнікае крамольная думка, што беларусы б глядзеліся лепей на любым месцы, апроч як побач з Мальтай.

Славаччына

Макс Джэйсан Мэй

Don’t Close Your Eyes

Вось, спадарства, тыповы прыклад камерцыйнай цяжкай музыкі — дзе паміж барабаннымі збіўкамі з’яўляецца мелодыя, з’яўляецца цяжкая гітара, рэзкі бас, і на ніве якой ужо даўно і плённа працуюць дзясяткі вядомых гуртоў. Гэта не значыць, што так іграць дрэнна, наадварот. Вось на YouTube ідзе вялікая спрэчка — «не перамогуць, бо перамагае не музыка, а шоу, а тут харошая музыка» супраць «калі перамогуць — ніколі больш не ўключу Еўра». І, дарэчы, сапраўднае імя выканаўцы — Міра Шмайда.

Нарвегія Туджы

Stay

Калі вы заўважылі, то сёння на «Еўрабачанні» проста арыентальны дзень: вось і нарвежскі спявак Туджы мае іранскае паходжанне. І мелодыя ўступу аднекуль з тых жа краёў, а пасля з’яўляецца электронная секцыя, якая нагадвае пра хіты гэтак сярэдзіны нулявых. Тым не менш такая музыка з поспехам гучыць на дыскатэках ад ф’ёрдаў Нарвегіі да садовага таварыства «Кіравец» пад Мінскам. Таму шанцы на фінал у Туджы ёсць.

Боснія і Герцагавіна

MayaSar

Korake Ti Znam

І тут у хмызняках апынуўся раяль — у сэнсе, яшчэ адна фартэпіянная балада, цяпер на баснійскай мове і з назвай «Я пазнаю твае крокі». Ну як можна аб’ектыўна выбраць з вялікай колькасці клавішных балад? Але, здаецца, з сённяшніх — яна найлепшая. Дарэчы, сама спявачка рэгулярна выступае з Дзіна Мэрлінам, які без асаблівага поспеху ўдзельнічаў у Еўрабачанні 2011 года.

Літва

Доні Монтэл

Love is Blind

І закрывае другі паўфінал літовец Доні Монтэл. Ён спявае пра тое, што каханне — сляпое і выступае з завязанымі вачыма. Дарэчы, вельмі зручна. Да сярэдзіны песня была баладай пад здагадайцеся які інструмент, але далей падключылася рытм-секцыя, і стала весялей. Тым не менш, калі Доні Монтэл трапіць у фінал, то да першага месца наўрад ці дабярэцца.

Падсумоўваючы прамежкавыя вынікі, можам шчыра сказаць: па-першае, у другім паўфінале яўных фаварытаў не было, як напрыклад «Бабулі» ў першым, па-другое, як бы хто ні ставіўся да Litesound, але ў першую пяцёрку па ўзроўні іх можна браць смела, па-трэцяе — як з гэтых людзей можна абраць ажно дзесяць чалавек, уявіць складана — але дачакаемся вынікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?