Беларускі скрыпач Арцём Шышкоў стаў лаўрэатам самага буйнога і прэстыжнага сусветнага музычнага конкурсу — конкурсу імя каралевы Лізаветы, які прайшоў з 30 красавіка па 26 мая ў Бруселі.

У 2012 годзе юбілейны 75-ы конкурс праводзіўся ў намінацыі «Скрыпка», і адным з яго пераможцаў стаў скрыпач Арцём Шышкоў (шостая прэмія), які прадставіў на гэтым міжнародным форуме Беларусь.

У конкурсе, што складаўся з чатырох тураў, спаборнічалі 78 музыкантаў, якія бліскуча прадставілі лепшыя сусветныя традыцыі акадэмічнага выканальніцкага майстэрства. Да ўдзелу ў фінале было дапушчана 12 музыкантаў, якія прадстаўлялі Беларусь, Албанію, Расію, Бельгію, Паўднёвую Карэю, Японію, Кітай, ЗША, Канаду і Чэхію. З іх 6 сталі ўладальнікамі прэстыжных прэмій і ўвайшлі ў эліту сусветнага скрыпічнага выканання.

Арцём Шышкоў з’яўляецца выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класу прафесара Эдуарда Кучынскага.
З 2010 года ён вучыцца ў аспірантуры Універсітэта музыкі і выяўленчага мастацтва (Вена, Аўстрыя) па класу Доры Шварцэнберг. Арцём Шышкоў стаў пераможцам прэстыжных конкурсаў у Беларусі, Аўстрыі, Чэхіі, Германіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне, у тым ліку і міжнародным конкурсе Torun 2007, прысвечаным памяці К.Шыманоўскага ў Польшчы (другая прэмія), Міжнародным конкурсе імя І.Брамса ў 2006 годзе (Аўстрыя; другая прэмія). У 2012 годзе ён выйграў International Max Rostal Competition (Германія; трэцяя прэмія). Лаўрэат спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік грантаў дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова, Міжрэгіянальнага дабрачыннага грамадскага фонду «Новыя імёны» і Грамадскага дабрачыннага фонду «Рускае выканальніцкае майстэрства». Малады музыкант удзельнічае ў Lipkind Quartet, выступаў у канцэртах у час музычных фестываляў у многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку Міжнародным фестывалі мастацтваў «Арт-Лістапад» у Маскве і фестывалі класічнай музыкі імя І.Менухіна ў Швейцарыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?