«Фестываль абноўлены поўнасцю. Гэта бачна і па калектывах, і па асобных удзельніках», — заявіла БелаПАН намеснік начальніка аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава. Паводле яе слоў, арганізатары фестывалю стараюцца, каб кожны раз на яго прыязджалі ўсё новыя і новыя выканаўцы, аднак некаторыя калектывы, абнаўляючы рэпертуар, таксама зноў становяцца яго ўдзельнікамі.

Сёлета на фестывалі пакажуць сваё майстэрства 18 харавых калектываў. Будуць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Польшчы, Італіі, Мексікі, Венесуэлы.

«Мы не адышлі ад традыцыі прымаць прыходскія калектывы», — падкрэслівае Жабарава, аднак у сёлетнім фестывалі на яго маладзёжных пляцоўках будзе прадстаўлена таксама поп-, рок- і фолк-музыка. «Калі словы накіраваны на маральнае абагачэнне чалавека, то чаму б і не», — тлумачыць яна навіну фестывалю.

Нетрадыцыйным будзе і завяршэнне фестывалю, якім стане гала-канцэрт на стадыёне «Спартак». «Калі раней былі пляцоўкі па 200 чалавек, 1.000 чалавек ангажыраваных і падрыхтаваных, то тут 4 тысячы, і працэнтаў 70 з іх прыйдуць на гэты фестываль упершыню. І ім трэба данесці тое, што духоўнасць, класіка — даступныя і цікавыя. Каб яны запомнілі не толькі лазернае шоу, але і задумаліся над зместам тэкстаў выканаўцаў», — сказала чыноўніца.

Паколькі падчас фестывалю «Магутны Божа» ў Магілёве пройдзе Дзень горада (28 чэрвеня), то некаторыя выступленні, у прыватнасці гурту «Хор Турэцкага» з Расіі і Пензенскага рускага народнага хору, ужо будуць прымеркаваны да гэтага свята.

Акрамя таго, увазе магіляўчан і гасцей горада арганізатары фестывалю прапануюць розныя кніжныя выставы, канферэнцыі, канцэрты. Завершыцца фестываль 29 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?