Еўрапейская арганізацыя ядзерных даследаванняў CERN абвясціла сёння пра адкрыццё новай элементарнай часцінкі, падобнай да легендарнага базона Гігса — фундаментальнай часьцінкі, існаванне якой было тэарэтычна прадказанае ў 1960-х гадах.

«Паляванне» на базон Гігса — адзіным адсутным элементам так званай Стандартнай мадэлі — вядзецца з 1980-х гадоў і цяпер як ніколі блізкае да поспеху, дзякуючы эксперыментам на Вялікім адронным калайдары (ВАК).

Аб адкрыцці новай часцінкі было абвешчана на навуковым семінары CERN у Жэневе, які трансляваўся на ўвесь свет.
На гэтае мерапрыемства былі запрошаныя аўтары так званага «Гігсаўскага механізма», у тым ліку і сам Пітэр Гігс, чыё імя носіць няўлоўная «часцінка Бога». Пітэр Гігс прызнаўся, што не чакаў, што адкрыццё здарыцца пры яго жыцці.

Гістарычныя вынікі эксперыментаў на Вялікім адронным калайдары былі абвешчаныя прадстаўнікамі дзвюх камандаў навукоўцаў — CMS і ATLAS. «У абодвух эксперыментах была выяўлена новая часцінка з вагой у раёне 125-126 гігагаэлектронвольт (ГэВ)», — паведамляецца ў прэс-рэлізе CERN.

Аднак аўтары адкрыцця падкрэслілі, што знаходзяцца толькі ў пачатку шляху, паколькі ім яшчэ трэба будзе вызначыць, ці з'яўляецца адкрытая часцінка тым самым базонам Гігса.

Наступным крокам навукоўцаў стане вызначэнне дакладных характарыстык новай часцінкі і высвятленне яе ролі ў пабудове Сусвету. Фізікі спадзяюцца, што апошнія вынікі эксперыментаў наблізяць іх да стварэння універсальнай тэорыі Сусвету, або «тэорыі ўсяго».

Стандартная мадэль, якая з'яўляецца адной з асноў сучаснай фізікі, бездакорна апісвае ўласцівасці і ўзаемадзеянні ўсіх вядомых элементарных часцінак, аднак не дае адказу на фундаментальнае пытанне: чаму большасць з гэтых часцінак маюць вагу? Механізм, прапанаваны Гігсам, дае адказ на гэтае пытанне, прадказваючы існаванне фундаментальнай часцінкі — базона Гігса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?