ЕС не будзе адклікаць еўрапейскіх паслоў з Мінска і мае намер у найбліжэйшыя месяцы перагледзець абмежавальныя меры адносна Беларусі. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС Олаф Скоог 10 жніўня на брыфінгу па выніках пазачарговага пасяжэння камітэта ў Бруселі.
Нагадаем, цяпер 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі трапляюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза. ЕС лічыць іх адказнымі за "сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі адносна грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", а таксама "атрыманне выгады ад рэжыму або яго падтрымку".
Скоог адзначыў, што рашэнне пра абмежавальныя меры будзе прымацца ў кастрычніку з улікам апошняга дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і Швецыяй.
Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі пасяджэння выказаліся ў падтрымку Швецыі, а таксама ў падтрымку заявы вярхоўнага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан ад 3 жніўня, у якой выказана сур'ёзная заклапочанасць сітуацыяй.
"Усім беларускім паслам на працягу некалькіх найбліжэйшых дзён будзе перададзена вельмі выразнае паведамленне з выказваннем поўнай салідарнасці Швецыі", — заявіў Скоог.
Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі пасяджэння таксама згадзіліся, што гэтая сітуацыя закранае не толькі адносіны Беларусі са Швецыяй, але і яе адносіны з ЕС.
Нарэшце, Скоог падкрэсліў прыхільнасць ЕС прасоўванню дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Падставай для пазачарговага пасяджэння палітычнага камітэта ЕС стаў дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам.
1 жніўня беларускія ўлады паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.
У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі аб'явіў аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.