У Фэйсбуку разгарэлася дыскусія наконт тэзісу Сяргея Навумчыка, што прэзыдэнцкія выбары ў 1994 годзе былі недэмакратычнымі, паколькі «дзяржаўныя СМІ працавалі на здушэньне дэмакратыі» і «прапагандысцкая машына… працавала цалкам у інтарэсах Лукашэнкі».

Адразу скажу, што хачу аспрэчыць тэзісы Сяргея толькі наконт прэзідэнцкіх выбараў 1994 году. Парламенцкія выбары 1995-га, на маю думку, ужо відавочна нельга называць дэмакратычнымі.

Аргумент Навумчыка, што выбары 1994-га не былі свабоднымі, бо «ў інтарэсах Лукашэнкі працавала прапагандысцкая машына», я знаходжу, скажам мякка, неадпаведным.

Па-першае, у СМІ ў 1994-м годзе ўсё не было гэтак адназначна. Сярод дзяржаўнай прэсы самым масавым выданнем на той час быў орган Вярхоўнага Савета «Народная газета» — пад кіраўніцтвам Ёсіфа Сярэдзіча. Газета была як мінімум прадэмакратычная (хутчэй за Пазняка, чым за Шушкевіча). Калі газета і давала нешта «ў рамках дыскусіі» за Лукашэнку ці за Кебіча --- то на кожны такі артыкул прыпадала тры за дэмакратаў.

Была і ўрадавая газета «Звязда», якая калі і давала нешта за Кебіча, то пераважна зь БелТА. А журналісты, якія там пісалі пра палітыку (Жданко, Каліноўскі, Сінякевіч, Свірко, Цыганкоў), адкрыта сімпатызавалі Шушкевічу ці Пазняку.

Іншыя дзяржаўныя выданні — «Рэспубліка», «Советская Белоруссия» — былі больш кансерватыўна настроеныя і выступалі за Кебіча. За Лукашэнку там мала што праходзіла.
Відавочна за Кебіча было Беларускае тэлебачанне.

Але гэта так, для даведкі. Галоўны ж аргумэнт Сяргея — што СМІ стваралі атмасферу, спрыяльную ідэям Лукашэнкі («демократы развалили великую державу», «разорваны экономические связи», «необходимо восстановить союз двух братских народов», «вместе мы едины и непобедимы»). Так, з гэтым не паспрачаешся, агульны кантэкст на БТ быў менавіта такі (але, нагадаю, «Народная газета» з накладам у паўмільёна прапагандавала пераважна дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне, а па радыё ішлі трансляцыі з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета). Але наколькі прапаганда СМІ вызначае вынік выбараў?

Аргумент Сяргея, што калі «ўся прапагандысцкая машына працавала ў інтарэсах Лукашэнкі», то выбары нельга лічыць дэмакратычнымі, выглядае не вельмі пераканаўча, калі перакласці яго на рэаліі іншых краінаў.
Напрыклад, у Еўропе большасць СМІ абараняюць каштоўнасці правоў чалавека, паліткарэктнасці, сацыяльнай дзяржавы. Ці азначае гэта, што з пункту гледжання фашыстаў і праварадыкалаў, якія ніяк не прадстаўленыя ў СМІ — выбары ў еўрапейскіх краінах варта прызнаць несвабоднымі і несумленнымі? А ў ЗША большасьць СМІ абараняюць каштоўнасьці індывідуалізму, прадпрымальнасці, свабоднага рынку. Ці дае гэта права, напрыклад, камуністам ЗША заяўляць, што выбары ў ЗША недэмакратычныя? Дарэчы,
у тых самых ЗША апошнія дзесяцігоддзі толькі тэлеканал Fox падтрымлівае рэспубліканцаў, астатнія асноўныя тэлеканалы — відавочна на баку дэмакратаў. І гэта не перашкаджае рэспубліканцам выйграваць выбары.

Шчыра кажучы, я думаў, што аргумэнт «калі б у нас былі ў руках СМІ, то мы б перамаглі», даўно стаў здабыткам гісторыі.

Была такая ілюзія ў 90-я, калі здавалася, што дастаткова патлумачыць людзям усю праўду пра нашу гісторыю, распавесьці ім «О русском империализме и его опасности», паказаць ім, як жывуць на Захадзе — і яны адразу пойдуць шчыльнымі радамі за дэмакратыяй і незалежнасьцю ў сьветлую эўрапейскую будучыню.

Мне здавалася, што такія рамантычныя ілюзіі даўно засталіся ў мінулым — што даказана ўсім развіццём падзеяў у Беларусі і ўвогуле на постсавецкай прасторы. Гэтыя гады нібыта пераканалі, што ў палітычным сэнсе людзі ня здольныя кардынальна і хутка мяняцца, што яны гатовыя нават аспрэчваць законы матэматыкі, калі тыя не супадаюць з іхнімі ранейшымі перакананнямі і жыццёвым вопытам.

Ідэі дэмакратыі, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння гучалі ў 1994-м годзе з многіх крыніцаў (з прэсы, з радыё "Свабода", нават расейскае тэлебачанне было тады дастаткова дэмакратычным), але большасьць беларусаў хацелі чуць іншае.
Як я цяпер перакананы,
калі б нават Сяргей Навумчык з Зянонам Пазняком не вылазілі з тэлеэфіру ў 1994-м, — гэта не змяніла б значна вынікі выбараў
— перамог бы ўсё роўна кандыдат тыпу «лукашэнка».

Дыскусія пра 1994 год — зусім не акадэмічная спрэчка. Чарговыя

спробы патлумачыць вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў подступамі ФСБ альбо манаполіяй СМІ адсоўваюць нас ад праўдзівай ацэнкі стану беларускага грамадства на той час — а значыць, нараджаюць новыя (старыя) ілюзіі.

Лукашэнка перамог зусім не таму, што СМІ працавалі на яго. Не было такога. Пра гэта напісаныя тысячы разумных артыкулаў, але паўтаруся — Лукашэнка перамог, бо такі быў стан беларускага грамадства на той час.

Лукашэнка перамог, бо абяцаў адрадзіць СССР, бясплатны тэлевізар кожнаму, вярнуць уклады ў Ашчадбанку і спыніць беларусізацыю. Лукашэнка перамог, бо ўмеў таленавіта хлусіць і абяцаць людзям невыканальнае.

Заўсёды прасцей весьці людзей уніз, чым уздымаць іх маральна і духоўна. Лукашэнка перамог, таму што быў крызіс, злом ранейшага жыцця і людзям хацелася простых і прымітыўных адказаў. Ён іх даваў, апускаючы планку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?