Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Рыкарда Мільёры і спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы вечарам 9 верасня прыбылі ў Беларусь.

Як паведамілі ў прэс-службе ПА АБСЕ, гэта папярэдні візіт, які будзе доўжыцца да 12 верасня. Пазней місія кароткатэрміновых назіральнікаў на чале з Мекачы прыбудзе ў Беларусь напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія пройдуць 23 верасня.

Праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы Мільёры і Мекачы ў беларускім парламенце, Міністэрстве замежных спраў, а таксама перамовы з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай і калегамі з доўгатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ, якія ўжо працуюць у Беларусі.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі ПА АБСЕ сустрэнуцца з актывістамі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі незалежных СМІ, палітычных партый і непасрэднымі ўдзельнікамі выбараў — кандыдатамі ў дэпутаты.

Трэба адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка не ўхваліў прызначэнне Матэа Мекачы на пасаду кіраўніка місіі назіральнікаў ПА АБСЕ. «Думаю, што маглі б зайсці больш дасведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва цяпер вывучаем усе гэтыя пазіцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць», — заявіў Лукашэнка 15 жніўня ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.

У адказ на гэта ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ сказалі: «Мекачы — менавіта той чалавек, які патрэбны для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесці пазіцыю ПА АБСЕ адносна парламенцкіх выбараў у Беларусі».

Італьянец Матэа Мекачы не раз выступаў з крытыкай афіцыйнага Мінска. Так, на нарадзе па чалавечым вымярэнні ў Варшаве ў верасні мінулага года ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх вязняў сумлення, а таксама ўказаў на шматлікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы свабоду СМІ, свабоду сходаў, справядлівыя выбары і сітуацыю са смяротнай карай.

Ініцыятарам прызначэння Мекачы кіраўніком місіі назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі выступіў Рыкарда Мільёры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?