У БДУ сярэдняя зарплата за верасень склала 5 млн. 150 тыс. рублёў, прафесарска-выкладчыцкага складу — 6 млн. 700 тыс. рублёў. Пра гэта паведаміў рэктар БДУ Сяргей Абламейка на пасяджэнні прафесарскага сходу ВНУ 29 кастрычніка.

Паводле слоў Абламейкі, прафесура зарабляе 6–7 млн. рублёў, а некаторыя прафесары і 15 млн. рублёў, што звязана з вядзеннем паспяховых праектаў, якія прыносяць прыбытак. Заработная плата прафесара складаецца з шэрагу даплат, напрыклад за званне, стаж працы, прэміі факультэта, прэміі ўніверсітэта.

Між тым старшыня прэзідыума прафесарскага сходу Анатоль Лесніковіч адзначыў, што пытанні сацыяльнай абароны, медыцынскага абслугоўвання з’яўляюцца актуальнымі для прафесуры. Асабліва выкладчыкаў турбуе адсутнасць даплат за прафесарскае званне пры налічэнні пенсій. Лесніковіч прывёў прыклад Украіны, дзе прафесар атрымлівае пенсію прыкладна 6 млн. у пераліку на беларускія рублі. У БДУ распрацавалі праект пенсійнага забеспячэння прафесарска-выкладчыцкага складу, які, як плануецца, трапіць у Мінпрацы пасля ўзгаднення з Мінадукацыі, дзе ён цяпер знаходзіцца.

Лесніковіч таксама адзначыў, што педагагічная грамадскасць БДУ лічыць існую сістэму менеджменту якасці больш прыдатнай для вытворчых прадпрыемстваў, але не навучальных устаноў.
Ад выкладчыкаў можна пачуць, што сістэма толькі павялічвае папяровую працу ў БДУ.

Акрамя абмеркавання розных праблем на пасяджэнні прафесарскага сходу адбылося зацвярджэнне камісій пры прэзідыуме сходу, іх старшыняў і ўдзельнікаў. Камісіі будуць займацца арганізацыяй супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнага кіравання, пытаннямі вышэйшай і сярэдняй адукацыі, міжнародным супрацоўніцтвам, партнёрствам з рэспубліканскімі СМІ, праблемамі, звязанымі з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і г.д.

На пасяджэнні былі ўручаны ўзнагароды з нагоды 91-й гадавіны з дня заснавання БДУ, якое адзначаецца 30 кастрычніка.

Прафесарскі сход арганізаваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце 9 лютага гэтага года. Гэта супольнасць навукова-педагагічных работнікаў комплексу БДУ. Яна створана для кансалідацыі найбольш аўтарытэтнай часткі навукова-педагагічных работнікаў універсітэта і заклікана садзейнічаць фарміраванню пазітыўнай грамадскай думкі, рэалізацыі праграм і планаў ВНУ ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі, забеспячэнню гарантый якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і кадраў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама актыўнаму ўваходжанню БДУ ў сусветную адукацыйную прастору.

Дзейнасць гэтай супольнасці заклікана спрыяць аптымізацыі адукацыйнага працэсу ў БДУ, развіццю фундаментальных і прыкладных навук, інавацыйных распрацовак ВНУ, а таксама скіравана на захаванне і развіццё навуковых школ, фарміраванне высокіх прафесійных і маральных якасцяў у студэнтаў і маладых спецыялістаў.

Увайсці ў склад прафесарскага сходу можа любы супрацоўнік БДУ, які мае вучоную ступень доктара навук і/або вучонае званне прафесара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?