30 кастрычніка ў Мінску адбылося пасяджэнне круглага стала, прысвечанае абмеркаванню зменаў, прапанаваных у закон аб ахове здароўя ў інтарэсах дэмаграфічнага развіцця Беларусі.

У сувязі з ініцыятывай Міністэрства аховы здароўя аб абмеркаванні новага законапраекта грамадскія, рэлігійныя арганізацыі палічылі неабходным унесці свае прапановы.

«Прапановы тычацца большай часткай абароны жыцця чалавека з моманту зачацця да натуральнай смерці і аховы здароўя, — паведаміла навуковы супрацоўнік Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ Таццяна Тарасевіч. — Ва ўмовах няпростай дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі неабходна, на наш погляд, прыняць шэраг першачарговых мер. У першую чаргу гэта тычыцца штучнага перарывання цяжарнасці.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, з 1990 па 2010 год страты ад абортаў склалі 2 млн. 700 тысяч жыццяў. Мы спадзяемся, што нашы прапановы знойдуць водгук».

Тарасевіч паведаміла, што прапануецца выключыць з законапраекта магчымасць прымянення штучнага перарывання цяжарнасці, якая, на яе погляд, непрымальная з маральнага пункту гледжання. «Гэта гвалтоўнае спыненне жыцця чалавека, — сцвярджае яна, — з гэтым ніводная царква згадзіцца не можа».

Шэраг прапаноў тычыцца сучасных дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, якія, на думку прадстаўнікоў цэркваў, супярэчаць маралі, сямейным каштоўнасцям і традыцыям сям’і.
«Да дапушчальных сродкаў медыцынскай дапамогі можа быць аднесена толькі штучнае апладненне палавымі клеткамі мужа (штучная інсемінацыя), бо яно не парушае цэласнасці шлюбу, не адрозніваецца прынцыповым чынам ад натуральнага зачацця і адбываецца ў кантэксце сямейных адносінаў», — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі круглага стала.

На іх думку, трэба выключыць з праекта закона і паняцце «сурагатнае мацярынства», бо яно «прадугледжвае разбурэнне глыбокай эмацыянальнай і духоўнай блізкасці, што ўстанаўліваецца паміж маці і дзіцем ужо падчас цяжарнасці», а таксама ўсе метады экстракарпаральнага апладнення, звязаныя са знішчэннем «лішніх» эмбрыёнаў.

На пытанне аб пазіцыі касцёла адносна абортаў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскайрыма-каталіцкай архідыяцэзіі Андрэй Сцяцкевіч адказаў так: «Касцёл мяняецца, але перш за ўсё ў метадах евангелізацыі.

Адносна ж такой з’явы, як перарыванне цяжарнасці, касцёл нязменны — ён заўсёды абараняў жыццё ад самага зачацця і ніколі не будзе падтрымліваць аборты».

«Пазіцыя праваслаўнай царквы ў гэтым пытанні не мянялася на працягу ўсяго яе існавання, — сцвярджае прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін. — Ужо самыя раннія кананічныя крыніцы асуджаюць аборт як забойства.

Такая наша пазіцыя і цяпер: аборт ёсць зло і супярэчыць хрысціянскаму веравучэнню».

Удзельнікі круглага стала звярнуліся да грамадскіх, дзяржаўных, камерцыйных арганізацый, грамадзян і дзяржслужачых з заклікам зрабіць неадкладныя захады, скіраваныя на абарону і захаванне жыцця і здароўя чалавека, сям’і, грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?