Супрацоўнікі службаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама і Савецкага РУУС у прыватным доме па 3-м завулку Кальцова выявілі падпольную швейную вытворчасць. Пашытае тут саматужным спосабам жаночае адзенне выдавалі за прадукцыю вядомых айчынных вытворцаў.

Як паведамілі ў прэс-службе сталічнай міліцыі, спачатку ў органы ўнутраных спраў паступіла аператыўная інфармацыя аб працы падпольнага пашывачнага цэха жаночага адзення. Гатовыя сукенкі часткова прадавалі на адным са сталічных рынкаў, але большасць прадукцыі адпраўлялі на рынкі расійскіх гарадоў. Пры гэтым на самапальныя касцюмы і спадніцы прышываліся біркі і этыкеткі розных беларускіх вытворцаў.

Падчас правядзення аператыўных праверачных мерапрыемстваў высветлілася, што ў доме, які цікавіў міліцыянераў, ужо доўгі час ніхто не жыве.
Гаспадыня здала яго ў арэнду сваёй знаёмай, і тая ў памяшканнях двухпавярховага катэджа арганізавала швейную вытворчасць. Праца выконвалася па меры паступлення замоў. Для пашыву жаночага адзення выкарыстоўвалася спецыяльнае абсталяванне, на якім працавалі наёмныя працаўнікі.
Неўзабаве супрацоўнікі міліцыі разам з калегамі з падатковай інспекцыі наведаліся ў нелегальны цэх.
Аказалася, што вытворчасць арганізавана з размахам. Было выяўлена дзесяць адзінак дарагога швейнага абсталявання, 25 рулонаў тканіны, разнастайныя выкрайкі, вялікая колькасць тасьмы, нітак, фурнітуры. Акрамя таго, у адным з пакояў аператыўнікі знайшлі 88 камплектаў гатовых жаночых касцюмаў і 14 спадніц.

Цяпер разглядаецца пытанне аб прыцягненні арганізатара нелегальнай вытворчасці да адказнасці па некалькіх артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса, якія звязаны з парушэннямі ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці. Праверачныя мерапрыемствы працягваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?