У Добрушскім раёне завяршаюцца работы па ліквідацыі наступстваў разрыву магістральнага нафтаправода. Прыблізна ў 11.00 4 лістапада адбыўся разрыў нафтаправода Унеча — Мазыр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» канцэрна «Белнафтахім».

Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, разрыў здарыўся каля вёскі Ігаўка Добрушскага раёна. Нафта разлілася на плошчы прыкладна 100 квадратных метраў. Дыспетчарам прадпрыемства было прыпынена перапампоўванне нафты на гэтым участку. Труба залягае на глыбіні чатырох метраў, яе дыяметр — 820 міліметраў, працоўны ціск — 28 атмасфер.

«Перапампоўванне нафты рабілася па другім трубаправодзе. У выніку кропельнага рассейвання нафты ветрам адбылося забруджанне паверхні глебы на ўчастку 70 на 200 метраў. Для ліквідацыі разрыву нафтапровода, збору нафты і выдалення забруджанага грунту на месцы аварыі працавалі 10 адзінак тэхнікі і 46 работнікаў прадпрыемства „Гомельтранснафта Дружба“. Сіламі і сродкамі МНС арганізоўвалася пажарная бяспека на месцы аварыі», — сказаў Габрылёў.

Прыблізна апоўначы пашкоджаны ўчастак трубаправода быў адрамантаваны. Разлітая нафта сабрана, 5 лістапада працягваюцца работы па зборы забруджанага грунту.
Транспартаванне нафты пакуль ажыццяўляецца па рэзервовым трубаправодзе. Нафтаправод працуе ў штатным рэжыме без змяншэння аб’ёмаў планавай пастаўкі нафты.

Як мяркуецца, прычына аварыі — пашкоджанне каўшом экскаватара нафтаправода пры правядзенні работ па падрыхтоўцы трубаправода для замены ізаляцыйнага пакрыцця. На месцы аварыі працуе раённая камісія па надзвычайных сітуацыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?