Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка расказаў, які вынік задаволіць барысаўчанаў у гасцявым паядынку з «Валенсіяй».

Як часта за апошнія два тыдні вы вярталіся да дэталёвага аналізу мінскага матчу супраць «Валенсіі»?

Ці не кожны дзень. Кожны эпізод бачыш у трохі іншым ракурсе, і з’яўляюцца новыя назіранні і высновы: як супернік пераходзіць у атаку, вяртаецца ў абарону, дзейнічае ў пазіцыйным нападзе.

Чым вызначаюцца каманды ўзроўню «Валенсіі»? Як у мінулым годзе «Барселону», іх можна глядзець бясконца і кожны раз адкрываць тое, што хочацца пераняць.
Год таму мы захапіліся і паспрабавалі данесці да каманды звесткі пра ўсю гэтую барселонскую разнастайнасць, і ў выніку гульцы перагружаліся інфармацыяй і адключаліся. Цяпер спрашчаем тое, што бачым.
Стараемся вылучаць не толькі чужыя моцныя бакі, але і тлумачыць, як дзейнічаць нам. Як на іх фоне прад’явіць свае казыры, якіх нямала.

Пагодзіцеся з меркаваннем, што ступень падрыхтаванасці «Валенсіі» да гульні ў Мінску канкрэтна супраць БАТЭ заспела вас знянацку?

Не. Знянацку нас не заспелі.

«Валенсія» па ходу сезона апынулася ў такой крытычнай кропцы, калі няма куды адступаць. Яна мабілізавалася. І мы проста трапілі пад прэсінг, пад якім даўно не былі.
Не сказаць, што разгубіліся настолькі, што не маглі падняць галаву. Бо перыядычна выходзілі да чужых варот і стваралі моманты. А дваццаць хвілін перад перапынкам правялі нават лепш, чым супернік. Але паўтаруся:
футбол цікавы сюжэтамі. Можна адваяваць ініцыятыву, аднак крыху аслабіць канцэнтрацыю і атрымаць пенальці ў свае вароты. І гульня адразу пераварочваецца.

Бессэнсоўна выпытвалі пра дэталі плана на бой у адказ. Але калі ў агульных рысах: што ў гульні каманды ў параўнанні з першым матчам важней за ўсё перайначыць?

Трэба шукаць варыянты выхаду з-пад прэсінгу. Рабіць гэта не наўгад, а мэтанакіравана і максімальна эфектыўна. Мы гэта ўмеем. Павінны добра працаваць з мячом і правільна размяшчацца гульцы групы атакі.

Якія з суботніх уражанняў ад перамогі «Валенсіі» над «Атлетыка» назавеце найбольш важнымі?

Кінулася ў вочы, наколькі сабрана, пры якой канцэнтрацыі і велізарнай самааддачы згулялі валенсійцы. У іх зноў была сітуацыя «пан або прапаў». І выйшла найлепшая гульня ў сезоне. Так што

калі перад мінскай сустрэчай у «Валенсіі» была крытычная кропка, то зараз настрой будзе іншым: выйгралі, усё наладжваецца. Такія станы падманлівыя.
Галоўнае, як на гэта адрэагуем мы.

Ці прымальная ў Валенсіі, скажам, гульня на нічыю? З аднаго боку, гэта верная пуцёўка ў Лігу Еўропы. А з другога — пры нічыёй у Валенсіі нават пасля выйгрышу ў «Ліля» ачкоў для Лігачэмпіёнскі плэй-оф можа не хапіць…

Нічыйны лік у Валенсіі будзе для нас прымальным. Але, вядома, хацелася б, каб у гэтым выпадку «Баварыя» да сустрэчы з намі ачкоў ужо не губляла. Пры такім раскладзе мы будзем дакладна ведаць, што нам трэба ў Мюнхене. І ўсё ж мой характар і камандны дух заўсёды штурхаюць да рызыкі. Правільней казаць не пра рызыку нават, а пра слушны крок, які дае камандзе патрэбны імпульс. Да прыкладу, калі ты выпускаеш свежага нападніка — гэта сігнал і падказка, што трэба гуляць на перамогу, быць смялей і больш часу праводзіць у нападзе. Аднак адштурхоўвацца ў такіх рашэннях трэба толькі ад ведання сваёй каманды і ад упэўненасці ў ёй.

Жывая трансляцыя матча на тэлеканале «Беларусь-2» а 22.30.

* * *

Як думаеце, які будзе лік? Пішыце прагнозы ў каментах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?