Дзяржава выставіла на продаж зямельны ўчастак, канфіскаваны ў былога пракурора Мінскай вобласці, а цяпер проста зняволенага Міхаіла Снегіра. Стаць уладальнікам пракурорскай нерухомасці можа кожны.

Праўда, зямлі там няшмат. Гэта звычайная дача ў садовым таварыстве «Зялёны Бор». Мінскі раён, кіламетры два ад Калодзішчаў. Памер ўчастка складае ўсяго 4 соткі. Будынкаў на дзялянцы няма, хоць СТ «Зялёны Бор» існуе з 1992 года.

Нагадаем, што Вярхоўны суд Беларусі 7 мая 2010 года прызнаў былога пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра вінаватым у здзяйсненні шэрагу карупцыйных злачынстваў і прысудзіў да 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Разам з Міхаілам Снегіром асуджаны быў былы дырэктар ААТ "Забудова" Мікалай Кудзелка, якога суд прыгаварыў да 3 гадоў турмы.

Снягір адбывае пакаранне ў калоніі ў Шклове. Маёмасць асуджанага пракурора пачалі прадаваць толькі цяпер.

Пачатковая цана выстаўленай на аўкцыён дачы складае 15 мільёнаў 480 тысяч рублёў.

Аўкцыён адбудзецца 4 снежня гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?