Ва ўмовах туману на дарогах рэзка ўзрастае небяспека аварыі. Вось рэкамендацыі, як паводзіць сябе ў неспрыяльных умовах.

Уключыце бліжняе святло фар!

Галоўнае ў тумане, як і ў многіх іншых сітуацыях, — абазначыць сваю прысутнасць на дарозе. Гэта значыць паказаць іншым удзельнікам руху, што на іх шляху можа апынуцца і ваш аўтамабіль. Першае, што варта зрабіць, — уключыць бліжняе святло фар і заднія супрацьтуманныя фары, калі яны ёсць. Святло, нават днём, дазволіць крыху раней убачыць аўтамабіль, які спыніўся наперадзе, і бяспечна яго аб'ехаць. Але яшчэ лепш — супрацьтуманныя фары, асабліва на дарозе невысокага класа, дзе сустрэчныя транспартныя патокі не падзеленыя нейтральнай паласой.

Дасведчаны кіроўца ў тумане прытрымліваецца тактыкі «кожны сам за сябе». Не аказваецца ў чарадзе аўтамабіляў, ведаючы, што недзе ў гэтым ланцугу заўсёды ёсць слабае звяно. Ніколі не разлічвайце, што камусьці ўдасца пазбегнуць наступстваў ланцуговай аварыі. Ёсць, вядома, шанец — калі ўсё напагатове. Але дзе гарантыя, што так і будзе?

Правільна выбірайце хуткасны рэжым

Хуткасны рэжым вызначаецца далёкасцю бачнасці праезнай часткі дарогі. Пры бачнасці, якая адпавядае 10 даўжыням вашага аўтамабіля (40-45 метраў), хуткасць павінна быць не больш за 50 км/г. Калі далёкасць бачнасці ўтрая менш, то хуткасць — не большая за 25 км/г.

Уключэнне аварыйнай сігналізацыі

Рэжым, калі ўсе ўказальнікі павароту міргаюць, забяспечыць высокі ўзровень бяспекі ў тумане. Перарывістае святло прымушае назіральніка засяродзіцца на вашым сігнале, каб вырашыць важную задачу — рухаецца ваш аўтамабіль або стаіць.

Шукаем узбочыну!

Часам туман сапраўды такі шчыльны, што кіроўца збіваецца з дарогі і нават не ведае, дзе ўзбочына. Тут таксама можа дапамагчы сігнал павароту. Вядома, той, з боку якога і знаходзіцца шуканая ўзбочына. Іншы дапаможны прыём — пераключэнне святла фар з бліжняга на дальняе. Некалькі такіх пераключэнняў у патрэбным тэмпе дапамагаюць зарыентавацца і адшукаць абочыну. Дальняе святло пашырае на некалькі метраў асветленую зону справа ад аўтамабіля, але каб пазбавіцца ад яго асляпляльнага ўздзеяння, трэба тут жа перайсці на бліжняе святло, а затым зноў паўтарыць пераключэнне.

Вымушаны прыпынак!

Заглух рухавік, спусціла шына... Словам, аўтамабіль спыніўся. Што рабіць? Ад самай страшнай аварыі вас аддзяляюць, магчыма, секунды. Трэба неадкладна падаць заўважны сігнал тым, хто едзе за вамі. Гэта неабходна зрабіць у першую чаргу. А тым, хто едзе насустрач, — у другую чаргу. Лепшае рашэнне ў нашых умовах — мігценне чырвоных ліхтароў.

Самае лепшае — адарвацца ад туману

Калі ёсць хоць найменшая магчымасць звярнуць на іншую дарогу, гэта — найлепшы выхад. Іншы, таксама нядрэнны варыянт, — паехаць назад, туды, дзе туману няма. Туман — такая вялікая небяспека, што лепш з ім не змагацца, а саступіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?