«Дзве аварыі па віне дарожнікаў». Чыноўнікі адказалі на крытыку Шапіры адносна ўборкі дарог

Выказванне кіраўніка Мінскай вобласці Сямёна Шапіры пра тое, што дарожнікі павінны аплаціць рамонт аўтамабіляў, якія трапілі ў ДТЗ праз няякасную ўборку аўтамагістраляў, пракаментавалі прадстаўнікі УДАІ МУС і Мінтранса, піша tut.by.

09.11.2016 / 15:31

Старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Станіслаў Салавей заўважыў, што ў ДТЗ не заўсёды прызнаецца вінаватым кіроўца:

— У нас дзейнічае такая практыка. Сапраўды, калі ўтварылася заснежанасць на дарогах, траса несвоечасова прыбраная і здараецца аварыя, да адказнасці прыцягваюцца і дарожныя службы. Кіроўца не заўсёды вінаваты.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык, у сваю чаргу, сказаў, што толькі за кастрычнік адбылося два ДТЗ, у якіх пацярпелі пешаходы і ў якіх віна ляжыць менавіта на эксплуатацыйных службах.

— Мне складана каментаваць даручэнне старшыні аблвыканкама, але хачу сказаць, што мы сур'ёзна ставімся да кожнай аварыі. На кожную выязджае прадстаўнік дарожна-эксплуатацыйнай арганізацыі або інжынер па бяспецы руху. У кожным выпадку вядзецца разбіральніцтва, высвятляецца асоба, вінаватая ў аварыі. У мяне дадзеныя, што ў кастрычніку было два наезды на пешахода па прычыне дрэнных дарожных умоў: ДТЗ на М4 (наезд на пешахода, чалавек загінуў) і на Р23 (наезд на пешахода праз тое, што не працаваў святлафор).