Дэфіцыт бюджэту Расіі склаў 1,76 трлн рублёў за адзін студзень, даходы ад нафты і газу ўпалі на 46%

Федэральны бюджэт Расіі ў студзені, паводле папярэдняй ацэнкі мясцовага Мінфіна, быў выкананы з дэфіцытам 1,760 трыльёна рублёў (каля 24 млрд даляраў), а выдаткі яго выраслі на 59%, да 3,117 трыльёна рублёў (каля 44,3 млрд даляраў), гаворыцца ў матэрыялах на сайце Міністэрства.

06.02.2023 / 18:49

Фота: Dmitry Lovetsky / AP

Аб'ём даходаў, якія паступілі ў бюджэт, склаў 1,356 трыльёна рублёў (каля 19,3 млрд даляраў), што на 35% ніжэй за аналагічны аб'ём у студзені 2022 года.

Пры гэтым нафтагазавыя даходы склалі 426 мільярдаў рублёў (каля 6 млрд даляраў), што на 46% ніжэй за паказчыкі студзеня мінулага года. Як адзначае Міністэрства, гэта звязана «ў першую чаргу са зніжэннем каціровак цэнаў нафты маркі Urals і скарачэннем аб'ёмаў экспарту прыроднага газу».

Ненафтагазавыя даходы склалі 931 мільярд рублёў (каля 13,3 млрд даляраў) і знізіліся да студзеня 2022 года на 28%, пераважна за кошт скарачэння паступленняў унутранага ПДВ і падатку на прыбытак, гаворыцца ў матэрыялах Міністэрства.

«Паводле папярэдняй ацэнкі, аб'ём выдаткаў федэральнага бюджэту ў студзені 2023 года склаў 3 117 млрд рублёў, перавысіўшы паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года на 59%», — адзначае ведамства.

Чытайце таксама:

У Еўрасаюзе дамовіліся аб увядзенні столі цэн на расійскія нафтапрадукты

Расія гандлюе нафтай у гіганцкіх маштабах, нягледзячы на санкцыі

ЗША ўгаварылі саюзнікаў пакуль не рабіць больш строгімі нафтавыя санкцыі супраць Расіі

Nashaniva.com