«Праектам рух транспарту ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся». Пад Чэрыкавам важная дарога ператварылася ў кашу

Першапачатковы праект адзінай дарогі, якая звязвае Чэрыкаў з вёскамі за ракой Сож, наогул не прадугледжваў вясновай паводкі, зімы і буйных машын. Пасля планы памяняліся, а праект — не, піша «Магілёў.Media».

22.03.2023 / 17:14

Фота: «Веснік Чэрыкаўшчыны»

Распачаты яшчэ ў мінулым годзе рамонт моста праз Сож у Чэрыкаўскім раёне абрастае новымі праблемамі. Першапачаткова праект будаўніцтва прадугледжваў, што ўсю зіму жыхары горада і раёна будуць і без маста, і без пантоннай пераправы. Пры гэтым дзяцей з вёскі Гронава на левым беразе Сожа планавалася вазіць на вучобу праз радыёактыўна забруджаную зону ў вёску Майскае за 25 кіламетраў.

У лістападзе мінулага года было ўсё ж вырашана пабудаваць пантонную пераправу яшчэ да зімы. Але, як высветлілася, «першапачаткова праектам рух транспарту па дадзеным аб’екце ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся» — паведаміў раённай газеце «Веснік Чэрыкаўшчыны» начальнік будаўнічага трэста №3 Крычава Дзяніс Шатуха. І, як вынікае, гэты праект не быў зменены пасля таго, як было прынятае рашэнне будаваць пантонны мост усё ж да зімы.

У выніку частка дарогі да пантона — гравейка, якая пад веснавой распуціцай перыядычна ператвараецца ў кашу. 

Таксама першапачаткова планавалася, што па дарозе будзе хадзіць толькі легкавы аўтамабільны транспарт. Зыходзячы з гэтага, была запраектавана пэўная канструкцыя дарожнага «адзення» — кажа Дзяніс Шатуха. Цяпер жа дарога натуральным чынам не вытрымлівае той нагрузкі, якая на яе прыпадае.

Чаму будаўнічай арганізацыяй быў рэалізаваны праект, які не ўлічваў змены ў рэжыме эксплуатацыі пантоннай пераправы, чыноўнік не патлумачыў.

У якасці кампенсацыйнай меры цяпер на тым участку дарогі, які не мае цвёрдага пакрыцця, кожны дзень працуе грэйдар. Часткова гэта дапамагае вырашыць праблему, часткова не — аўтатранспарт пастаянна рызыкуе загрузнуць у каляіне. На гэта начальнік трэста заўважае: «Прыйдзецца трохі пацярпець».

Зрабіць больш трывалую дарогу будаўнікі змогуць толькі пасля поўнага падсыхання праблемнага ўчастка.

Чытайце таксама:

У Мінску дзве дзяўчынкі ўгрузлі па пояс у гразь

На рэканструкцыю закрываюць мост у Чэрыкаве

Жыхары Кукшавіч высмеялі прадпрымальніка, які напісаў зварот Лукашэнку пра дарогу. Прадпрымальнік: «Землякі зайздросныя»

«Тут проста страшна». Жыхар вёскі пад Мінскам у звароце да Лукашэнкі распавёў, што ўся вёска за яго галасавала, хоць яны і патанаюць у гразі

Nashaniva.com