«Адзін будзе мяняць, а двое — зашываць рану». Лукашэнка даручыў да канца года зрабіць аперацыі па эндапратэзаванню ўсім, хто стаіць у чарзе

Праблема чэргаў — адна з праблемаў беларускай сістэмы аховы здароўя. Сёння СТБ апублікаваў новы ўрывак з пасяджэння па пытаннях медыцыны з Лукашэнкам. Там закранулі эндапратэзавання. Усім, хто стаяў у чарзе да 23 мая, да канца года правядуць эндапратэзаванне буйных суставаў, распавядае СТБ.

03.06.2023 / 00:14

Твар міністра аховы здароўя, якому сказалі да канца года ліквідаваць чаргу па пратэзаванню суставаў. Скрын відэа

У сюжэце сталі вядомыя новыя падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі, дзе той раскрытыкаваў медыцыну, быццам убачыў яе ўпершыню за амаль 30 гадоў кіравання.

Лукашэнка спытаў у міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, колькі людзей стаіць у чарзе на эндапратэзаванне суставаў.

Той адказаў: 13,5 тысяч чалавек.

Лукашэнка загадаў да канца года ўсім ім зрабіць аперацыю.

Міністр паспрабаваў апраўдацца.

— Праблема заключаецца ў тым, што ў нас мінулы год і ў гэтым былі складанасці… — пачаў ён (магчыма, ён меў на ўвазе так званую «справу траўматолагаў», у рамках якой КДБ кашмарыла артапедаў па ўсёй рэспубліцы).

— Не будзем на гэтым спыняцца, — адрэзаў Лукашэнка. — Да канца года вы мне ўсе гэтыя суставы заменіце!

— Да канца года мы ўсе не заменім…

— Яшчэ як заменіш! Адзін будзе мяняць, а двое — зашываць рану. Ідзіце і арганізоўвайце.

Лукашэнка папярэдзіў пра адказанасць медыкаў, а таксама ўзгадаў пра смяротнасць, даныя пра якую не публікуюць з часоў каранавірусу.

«Папярэджваю катэгарычна: крый божа, да 1 студзеня мне даложаць, што вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, я не кажу пра прусакоў, перакошаныя дзверы, пра лекі і іншае — наракайце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі, а тое, што павінна быць вырашана — павінна быць вырашана. Прапішыце мне пункт па смяротнасці. Вынік вялікай працы медыка — гэта смяротнасць. Падумайце, як гэта прапісаць, каб гэта можна было пракантраляваць і з іх спытаць за смяротнасць. Разумееце, мяне насцярожвае тэндэнцыя», — сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

У якім стане знаходзіцца медыцына праз амаль 30 год лукашэнкаўскага кіравання? Гэта толькі тое, што апублічылі

Лукашэнка прыгразіў кіраўнікам аблвыканкамаў, што здзярэ з іх скуру. За што

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

У Наваполацку прайшлі затрыманні дактароў у бальніцы, куды прывозілі Бабарыку

Nashaniva.com