ПВК «Вагнер» падчас боесутыкнення з расійскімі салдатамі захапіла ў палон падпалкоўніка арміі РФ і прымусіла выбачацца на відэа

Найміты «Вагнера» уступілі ў бой з брыгадай расійскіх салдат і абясшкодзілі іх, захапіўшы ў палон камандзіра — падпалкоўніка Мінабароны РФ Рамана Венявіціна.

05.06.2023 / 08:10

Камандзір 72-й мотастралковай брыгады Мінабароны РФ Раман Венявіцін на відэа ад ПВК «Вагнер». Скрыншот відэа прэс-службы Яўгена Прыгожына

Пра гэта 4 чэрвеня паведаміла прэс-служба кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале, паказаўшы афіцыйны рапарт з апісаннем інцыдэнту.

Пасля гэтага ў той жа дзень прэс-служба Прыгожына выклала відэа з палонным расійскім падпалкоўнікам, у якім той падчас допыту прызнае віну за напад яго салдат на «вагнераўцаў», бо сам быў у той момант «у стане алкагольнага ап'янення» і пры гэтым адчуваў «асабістую непрыязнасць» да наймітаў.

«Я падпалкоўнік Венявіцін Раман Генадзевіч, камандзір 72-й брыгады, са сваімі падначаленымі ў стане алкагольнага ап'янення і з-за асабістай непрыязнасці раззброіў адну з груп ПВК «Вагнер» і абстраляў іх машыну. Я вінаваты», — сказаў падпалкоўнік Венявіцін на відэа.

Прычыну сваёй непрыязнасці да наймітаў ён падчас відэа не агучыў, але пры гэтым пагадзіўся з «вагнераўцам» за кадрам, што «на вайне асабістай непрыязнасці быць не павінна».

Зыходзячы з апублікаванага рапарта і відэа, сам канфлікт паміж расійскімі наймітамі і салдатамі рэгулярнай арміі выглядаў так: яшчэ 17 мая пры адводзе сваіх сіл з Бахмута найміты ПВК «Вагнер» заўважылі, што на іх шляху ўжо звычайныя расійскія салдаты усталёўваюць міны (пра што некалькі дзён таму згадваў сам Прыгожын).

Затым «вагнераўцы» вырашылі абясшкодзіць гэтыя міны, за што нарваліся на абстрэл з боку 72-й мотастралковай брыгады Мінабароны Расіі, дзеяннямі якой кіраваў падпалкоўнік Венявіцін. Па яго загадзе была абяззброена адна з груп хуткага рэагавання «Вагнера» і прабіты рухавік аднаго з іх службовага аўтамабіля. У адказ на гэта найміты ўступілі ў кароткі бой з расійскімі салдатамі і захапілі іх разам з камандзірам.

Інфармацыя пра параненых ці забітых падчас таго боесутыкнення пакуль што не з'яўлялася. 

Ва ўсёй гэтай гісторыі характэрна тое, што найміты прыватнай ваеннай кампаніі, існаванне якіх з пункту гледжання расійскага ж заканадаўства з'яўляецца незаконным, мала таго што ваююць на перадавой, так і ўступаюць у прамое боесутыкненне з салдатамі расійскай рэгулярнай арміі, захопліваючы ў палон старшага дзейнага афіцэра Мінабароны і выстаўляючы яго ў непрыстойным вінаватым выглядзе на ўсеагульны агляд. Як гэта патлумачыць і якой будзе рэакцыя Мінабароны і Крамля?

Нагадаем, што паміж Прыгожыным разам з «Вагнерам» і Мінабароны Расіі ўжо працяглы час ідзе канфлікт на глебе таго, хто больш эфектыўна ваюе супраць Украіны. Адным з самых яркіх эпізодаў гэтага супрацьстаяння быў зварот Прыгожына у маі, падчас якога той паказваў велізарную колькасць трупаў «вагнераўцаў» і вінаваціў у гэтым кіраўніцтва Мінабароны, патрабуючы ад іх боепрыпасаў для вядзення вайны.

Апроч гэтага зусім нядаўна найміты Яўгена Прыгожына завязалі канфлікт з людзьмі Рамзана Кадырава на глебе ўсё той жа эфектыўнасці на полі бою. Аднак да адкрытага сутыкнення гэтая спрэчка так і не дайшла (хоць шанец быў высокі).

Чытайце таксама:

Прыгожын заявіў, што Расія «абасралася», а «ўкраінцы адны з наймацнейшых у свеце»

Істэрыкі Прыгожына паказваюць, што Расія можа быць бліжэйшай да 1917 года, чым мы думаем

«Чалавек без тармазоў». Палітвязень, асуджаны за падпал машыны генерала, прасіўся ў ПВК «Вагнер» — крыніцы

Марк Рыхтэр