Усход Беларусі атакавала навальніца. Паплыў Магілёў

Вуліцы ў горадзе ператварыліся ў рэкі, затопленымі аказаліся падворкі. Заглохлыя ў лужынах машыны дапамагала выцягваць ДАІ.

27.07.2023 / 21:01

Магілёў. Затопленае перакрыжаванне вуліц Першамайская і Ціміразеўская. Фота: сацыяльныя сеткі

Дажджы заліваюць усходнія рэгіёны Беларусі ўжо некалькі дзён. Сённяшнія сіноптыкі кваліфікавалі як дужа моцныя.

На Магілёў навальніца абрынулася 27 ліпеня пасля абеду.

«Дождж — капец поўны!», — адрэагавала жыхарка абласнога цэнтру на пытанне пра сітуацыю ў горадзе.

Магілёў. Тутэйшы ручай Струшня стаў пасля залевы неўтаймаваным патокам бруднай вады. Фота: сацыяльныя сеткі

Па словах жанчыны невялікія мясцовыя рачулкі ператварыліся ў вусцішныя патокі бруднай вады.

Фота– і відэаздымкамі з наступствамі непагадзі стракацяць чаты аўтамабілістаў.

Кіроўцы адзін аднаму паведамляюць, куды лепш не ехаць. Пад вадою апынуліся праезныя часткі вуліц, як у цэнтры Магілёва, так і ў спальных раёнах.

Звыклай справай стаў патоп на скрыжаванні вуліц Першамайскай і Ціміразеўскай. Гэтая гарадская мясціна непадалёк ад будынка аблвыканкама. Тутэйшая ліўнёўка не спраўляецца з вялікай вадою.

Магілёў пасля залевы. Праезная частка вуліцы Касманаўтаў пад вадою. Скрын відэа з сацыяльных сетак

Дасведчаны кіроўца папярэджвае сваіх калег-пачаткоўцаў быць абачлівымі, выязджаючы з вуліцы Лазарэнкі да будынка драматычнага тэатра (гэта цэнтр горада):

«З разгону ў лужыны заязджаць не трэба, а то ўжо пару чалавек заглухла, бо заліло рухавік дажджавой вадой».

«Перакрыжаванне Сіманава і Астроўскага — басейн…», — засцерагае яшчэ адзін кіроўца калегаў. Гэта гарадская мясціна ў Задняпроўі.

Адна з галоўных магістраляў Задняпроўя — вуліца Габраўская — таксама апынулася пад вадой.

Магілёў. Абстаноўка пасля залевы на вуліцы Габраўскай. Скрын відэа з сацыяльных сетак

«Будзьце на ёй асцярожныя. Шмат вады», — папярэджвае кіроўца калегаў

Аб сітуацыі ў іншым месцы гораду напісаў наступны ўладальнік аўто:

«Кальцо Касманаўтаў вельмі вялікая лужына, аб'язджайце».

Яго калега дадае:

«Дапамагае ДАІ, выцягваюць з лужын…»

Магілёў. Вуліца Сіманава пасля залевы. Скрын відэа з сацыяльных сетак

Жыхарам аднаго з дамоў на вуліцы Грышына давялося дабірацца да пад’езда па калена ў вадзе. Сваім горам яны падзяліся на фота ў сацсетках.

Вуліца Грышына ў Магілёве пасля залевы. Фота: сацыяльныя сеткі

Прагнозы сіноптыкаў на заўтрашні дзень абнадзейваюць: дажджы сунімуцца.

Глядзіце таксама:

У Клімавіцкім раёне жанчыны выклікалі дождж пры дапамозе адмысловага абраду ФОТЫ

Кліматолаг тлумачыць, у чым прычыны свавольства надвор’я і чым пагражае доўгая адсутнасць дажджоў

Падрабязнасці трагедыі на Мінскім моры, дзе ў непагадзь загінула 19-гадовая дзяўчына

У Паўднёвай Афрыцы выпаў снег. Такога там не было 10 гадоў

Васіль Вашчыла