Ордэнам «За мужнасць» украінцы ўзнагародзілі яшчэ аднаго беларуса — Данііла Ляшука

Прэзідэнт Украіны падпісаў указ аб ганараванні ўкраінскіх вайскоўцаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. Узнагароды атрымаюць некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку пасмяротна. Мы ўжо паведамлялі пра ўзнагароджанне ордэнам «За мужнасць» ІІІ ступені беларуса Эдуарда Лобава, але сярод узнагароджаных, і таксама пасмяротна, ёсць яшчэ адзін беларус — Данііл Ляшук з пазыўным «Маджахед».

15.08.2023 / 20:51

Як і Эдуард Лобаў, Ляшук узнагароджаны «за асабістую мужнасць, праяўленую ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, самаадданае выкананне вайсковага абавязку».

Данііл Ляшук — грамадзянін Беларусі, родам з Берасця, ён прыехаў ва Украіну на пачатку расійскай агрэсіі ў 2014 годзе і ўступіў у новасфармаваны тады батальён «Тарнада». Праўда, рэпутацыя ў яго, як і ўвогуле ў гэтага падраздзялення, была не надта добрая.

У 2015 годзе Генеральная пракуратура Украіны ўстанавіла, што байцы «Тарнада» ў Луганскай вобласці выкрадалі людзей, гвалтавалі, забівалі, а таксама марадзёрствавалі. Роту расфармавалі, а 12 чалавек, у тым ліку і Ляшук, былі асуджаныя. У красавіку 2017-га беларус быў асуджаны да 10 гадоў турмы, але выйшаў на волю датэрмінова ў 2021-м.

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, Данііл Ляшук «Маджахед» зноў трапіў на фронт. Да сваёй гібелі ў сакавіку гэтага года пад Бахмутам баец паспеў атрымаць раненне, калі дастаўляў у сваё падраздзяленне захопленага ў палон расійскага вайскоўца.

Чытайце таксама:

«Шмат сцыкла сярод мужчын». Маргарыта Ляўчук расказала пра сваю паездку ў ваенную Украіну

Ці пайшоў бы Цімур на вайну, каб не жнівень 2020-га?

Ваяр палка Каліноўскага: «Беларусы — мірныя людзі» — лухта, навязаная нам з Усходу

Nashaniva.com