Украіна вярнула кантроль над газаздабыўнымі платформамі ў Чорным моры — ГУР

У Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны заявілі аб усталяванні кантролю над газа– і нафтаздабыўнымі платформамі каля берагоў Крыма ў Чорным моры. Расія захапіла «вышкі» ў сакавіку 2014 года, а потым яны знаходзіліся пад кантролем Віктара Медзвядчука.

11.09.2023 / 16:01

Гэтыя платформы вядомыя ва Украіне як «вышкі Бойкі» — па імені колішняга міністра энергетыкі Украіны Юрыя Бойкі, падчас кіравання якога іх набылі для дзяржаўнага прадпрыемства па завышаных цэнах. 

Як адзначаецца ў відэаматэрыяле ГУР, унікальную аперацыю ўкраінскія спецыяльныя падраздзяленні здзейснілі пад абстрэлам расійскага самалёта Су-30. У выніку бою самалёт быў пашкоджаны, а адзін з украінскіх байцоў апынуўся ў моры і вымушаны быў правесці ў адкрытым моры 14 гадзін, пакуль яго не змаглі ўратаваць.

У разведцы паведамілі, што падчас аперацыі захапілі «каштоўныя трафеі»: запас верталётных боепрыпасаў тыпу некіраваных авіяракет і радыёлакацыйную станцыю «Нява», якая можа адсочваць рух караблёў у Чорным моры.

Летась у чэрвені ўкраінскія войскі змаглі абстраляць гэтыя платформы, у выніку чаго знішчылі верталётную пляцоўку, якую выкарыстоўвалі расійскія вайсковыя верталёты.

Чытайце таксама:

Новая ўкраінская дальнабойная ракета. Што вядома пра гэтую зброю і ці ўяўляе яна пагрозу для Масквы?

Расіяне заявілі аб нападзе БПЛА і катараў на Крым

Маск заявіў, што не блакаваў УСУ доступ да Starlink у раёне Крыма

Nashaniva.com