Алеся Бяляцкага ўганаравалі першай Прэміяй заслужаных выпускнікоў Цэнтра Маршала

У нямецкім Гарміш-Партэнкірхене прайшло ўручэнне Прэміі заслужаных выпускнікоў ЦэнтраДжорджа Маршала. Першым лаўрэатам заснаванай сёлета прэміі стаў палітзняволены праваабаронца, кіраўнік «Вясны» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які ў 2000 годзе быў слухачом Цэнтра.

27.09.2023 / 12:47

Алеся на цырымоніі прадстаўляла ягоная жонка Наталля Пінчук. У сваёй прамове яна выказала падзяку кіраўніцтву Цэнтра Маршала за гэты акт салідарнасці з Алесем Бяляцкім, а ў яго абліччы — з усімі палітычнымі вязнямі Беларусі, з усім беларускім народам, які прагне вызвалення ад прамаскоўскай дыктатуры, піша Радыё Свабода.

«Алесь свой выбар зрабіў ад пачатку свядомага жыцця — яшчэ ў антыкамуністычным падполлі ранніх 1980-х гадоў ён змагаўся за свабоду і незалежнасць Беларусі. Алесь перакананы, што наша краіна гістарычна належыць да еўрапейскага і еўраатлантычнага свабоднага свету і мусіць у яго вярнуцца. Нягледзячы на тое, што яе адтуль гвалтам вырывае суседняя імперыя, як бы яна ні называлася — то расійская, то савецкая, то пуцінская. І я вельмі спадзяюся, што вераць у беларусаў і нашыя сябры на Захадзе. Што яны адрозніваюць беларускі народ ад рэжыму, які трымаецца цяпер на расейскіх штыках і падачках, здае суверэнітэт Беларусі дзеля самазахавання», — заявіла Наталля Пінчук.

Наталя патрабуе вызвалення з вязніцы Алеся Бяляцкага, і разам з ім «безумоўна і неадкладна павінны быць вызваленыя тысячы іншых адважных беларускіх мужчын і жанчын, кінутых за краты за за жаданне бачыць сваю краіну вольнай ад дыктатуры і расейскага паняволення. Час просьбаў і намёкаў даўно прайшоў. Гэта павінен быць ультыматум, бо ўвязненне можа абярнуцца для кожнага смерцю за мурамі».

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 годам з паплечнікамі: Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам. 3 сакавіка 2023 года Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Нобелеўскі фонд адклікаў запрашэнне паслам Беларусі, Расіі і Ірана на ўрачыстасці

Вясноўца Валянціна Стэфановіча накіравалі ў калоніі на чыстку кабеляў

10 гадoў. Вынесены прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму

Nashaniva.com