Браніраваныя аўтамабілі Raptor, створаныя на шасі поўнапрываднага грузавіка КрАЗ-6322, пачалі паступаць на ўзбраенне ўкраінскай Нацыянальнай гвардыі, паведаміў у пятніцу афіцыйны сайт МУС Украіны.
Грузавік атрымаў бранявую абарону, якая адпавядае натаўскаму стандарту STANAG 4569 — то бок абараняе экіпаж і пасажыраў як мінімум ад лёгкай стралковай зброі, ручных гранатаў і аскепкаў артылерыйскіх снарадаў.
У бранявой капсуле, якая можа быць знятая з платформы і выкарыстоўвацца як стацыянарнае ўмацаванне, могуць знаходзіцца 24 байцы. Капсула мае аўтаномную сістэму кандыцыянавання і асвятлення.
«Цудоўная машына! Дадаём буйнакаліберныя кулямёты ў люках з абароннымі шчыткамі — і машына гатовая да баявых умоў», - зазначыў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.
КрАЗ-6322 Raptor быў створаны Крамянчугскім аўтамабільным заводам сумесна з канадзкай кампаній Streit Armored Group і ўпершыню дэманстраваўся на міжнароднай збройнай выставе IDEX-2007 у Абу-Дабі.





