Даследчыкі ў Каліфорніі знялі пад вадой рэдкі від рыбы-вудзільшчыка — самку чорнага марскога д’ябла з сямейства міланацэтавых.
Перадае USA Today.
Каб зняць рэдкую істоту, каманда вучонага Бруса Робінса спусціла дыстанцыйна кіраваны апарат «Дон Рыкетс» на глыбіню 600 метраў у падводны каньён Мантарэй, што ў Ціхім акіяне. Вудзільшчыкі дагэтуль траплялі ў камеру пры розных абставінах, але навукоўцы сцвярджаюць, што гэта першы раз, калі такая істота знята жыўцом на глыбіні.
Вудзільшчыкі прыцягваюць увагу сваёй знешнасцю: пярэдняя частка спіннога плаўніка размешчана між вачэй і мае форму вуды. Пашча з мноствам іклаў здаецца жудаснай. Толькі памеры гэтай істоты здзіўляюць яшчэ больш: вудзільшчыкі-самкі дасягаюць у даўжыню максімум 18 сантыметраў, а самцы — 3 сантыметры.





