Рэжысёр Свабоднага тэатра Уладзімір Шчэрбань выклаў відэа, на якім артыстычна зачытвае верш Караткевіча. «Наша Ніва» пагутарыла з ім пра гісторыю відэа і творчыя планы.

«Прыкладна паўгода таму мой знаемы Дзяніс Бурко, кіраўнік праекту «Літара А», прапанаваў мне ўзяць удзел у флэшмобе, сутнасць якога — запісаць відэаверш і кінуць выклік камусьці», — распавядае Уладзімір Шчэрбань. «Сёння шмат розных флэшмобаў у сеціве, але гэты мне сапраўды спадабаўся — шчыра думаю, што паэзія мае шанец аб’яднаць нас».

На яго думку, Уладзімір Караткевіч больш вядомы як празаік, а ягоная паэзія недаацэненая. «Заяц варыць піва» — любімы верш Шчэрбаня, у якім, на думку рэжысёра, сканцатраваная сутнасць паэзіі Караткевіча — шчырасць, гаркаватая іронія, лёгкасць і актуальнасць.

«Я вельмі хацеў запісаць гэты верш у сапраўдным тумане. І вось тут здарылася паўмістычная гісторыя. 26 лістапада у Лондане быў доўгачаканы моцны туман, акурат які мне быў патрэбны. Так я і запісау гэтае відэа на iPhone», — прыгадвае ён.

«А праз некалькі дзён, калі я ужо мантаваў відэа, даведаўся, што 26-га быў дзень народзінаў Караткевіча. Проста супадзенне?»

Уладзімір Шчэрбань не кідае нікому выклік — ён кажа, што чытае для свайго задавальнення. «Ну а як яшчэ можна чытаць паэзію?» — смяецца ён. Але дадае, што будзе вельмі рады, калі хтосьці адкажа сваім любімым вершам.

Відэазапісам на Facebook падзяліўся мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра Мікалай Халезін. «Заўжды хацеў зрабіць на Валодзю монаспектакль. У яго дар выразна асэнсоўваць прадмет, аб якім ён гаворыць. Мо яшчэ і атрымаецца калі-небудзь», — прыпісаў ён да відэа.

«Так, час ад часу ў нас узнікае размова пра спектакль, у якім я быў бы ў якасці актора, але на сёняшні дзень я аддаю паравагу рэжыссуры», — распавёў НН Уладзімір Шчэрбань. «Але, хто ведае, усе можа здарыцца».

Свабодны тэатр абяцае парадваць у гэтым месяцы беларускіх гледачоў трыма прэм’ерамі.

Адна з іх — дакументальны спектакль аб жонках палітвязняў і жанчынах-палітвязнях «Час жанчынаў» у пастаноўцы Мікалая Халезіна. «Таксама нашыя студэнты пакажушь свой першы ў жыцці спектакль, які з імі робіць наш былы студэнт Кірыл Машэка», — дадае Шчэрбань. Сам ён зараз рэпетуе тэкст «Лондан» маладога беларускага драматурга Максіма Дасько, які сёлета атрымаў Гран-пры міжнароднага конкурса сучаснай драматургіі «Cвабодны тэатр».

Акрамя таго рэжысёр абяцае зладзіць выдэапрэм’еру спектакля «Кошт грошай» (прымьера якога адбылася ў верасні ў Лондане) і ў хуткім часе пачаць рэпетыцыі паводле «Споведзі» Ларысы Геніюш.

Беларускіх гледачоў ён віншуе з першым днём зімы, жадае радасці і «каб халодная зіма была не вельмі халоднай». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?