Грамадскі актывіст Віталь Гуляк 4 снежня рашэннем суда Ваўкавыскага раёна аштрафаваны на 20 базавых велічынь за прысутнасць на Дні памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы.
На думку суда, Гуляк ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Абвінавачанне на адрас актывіста базавалася на складзеным у Свіслацкім РАУС пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
«Віталь Гуляк у той дзень не трымаў ніякай сімволікі, не выкрыкваў лозунгаў, не выступаў, ніякім чынам не парушаў грамадскага парадку, але фактычна за саму прысутнасць на Дні памяці ў Свіслачы суддзя Ваўкавыскага раённага суда Юрый Якімовіч пакараў яго штрафам», — паведамляюць праваабаронцы.
За ўдзел у Дні памяці ў Свіслачы па Гродзенскай вобласці ўжо аштрафавана шэсць чалавек. Яшчэ дзевяць чалавек чакаюць разгляду складзеных у дачыненні да іх пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.





