Паводле прадстаўніка пракуратуры Франкфурта-на-Майне, у ноч на чацвер, 30 красавіка, паліцэйскі спецназ затрымаў падазроных мужа і жонку, перадае Deutsche Welle.
У іх кватэры была знойдзеная прыдатная да выкарыстання бомба. Пакуль незразумела, ці планавалі гэтыя двое падарваць яе падчас традыцыйнага велапрабегу вакол Франкфурта 1 мая.
Вобшук у кватэры тэрарыстаў. Фота www.dw.de
Паводле газеты Die Welt, адзін з арыштаваных меў кантакты з салафіцкімі групоўкамі ў Франкфурце-на-Майне і тэрарыстычнай сеткай «Аль-Каіда».
Сілавікі сачылі за адным з падазраваных, калі той вывучаў лясны ўчастак па маршруце велапрабегу.
Пасля гэтага было прынятае рашэнне затрымаць падазроную пару.
У кватэры затрыманых, акрамя бомбы, было знойдзена выбуховае рэчыва, аўтаматычная вінтоўка і боепрыпасы.
Прадстаўнік пракуратуры пацвердзіў, што знойдзена таксама вялікая колькасць перакісу вадароду, якая з'яўляецца базавай субстанцыяй для вытворчасці выбухоўкі.
Затрыманыя муж і жонка патлумачылі наяўнасць вялікай колькасці перакісу вадароду тым, што сабраліся чысціць сажалку ў садзе.





