Тэлеканал «Расія 1» выразаў з тэлесерыяла «Майстар і Маргарыта» сцэну гібелі Міхаіла Берлiёза.
Пра знікненне з першай серыі адпаведнага эпізоду даўжынёй каля хвіліны паведамілі карыстальнікі сацыяльных сетак. Тэлеканал пацвердзіў радыёстанцыі «Эхо Москвы», што серыял быў зрэдагаваны.
Прэс-служба тэлеканала патлумачыла, што гібель Берліёза можна расцаніць як сцэну гвалту. У сувязі з гэтым было вырашана выразаць яе з серыяла, бо цяпер ён дэманструецца ў дзённы час.
Рэжысёр Уладзімір Бортка заявіў, што лічыць здарэнне праявай цэнзуры. Ён адзначыў, што, згодна з яго кантрактам з тэлеканалам, апошні не мае права ўносіць карэктуру ў зацверджаны рэжысёрам мантаж. У той жа час Бортка судзіцца з каналам не мае намеру.
Расійскія тэлеканалы не ў першы раз выразаюць розныя сцэны з фільмаў і перадач. Так, у 2014 годзе тэлеканал «Расія 1» прыбраў з эфіру заклік былога ўкраінскага дэпутата Віталя Грушэўскага спыніць вайну ва Украіне, а «Першы канал» выразаў з трансляцыі «Оскара» словы акцёра Джарэда Лета ў падтрымку Украіны.





