«Па маёй іерархіі Мюнхен — гэта славянскі горад. А франкі ж прыйшлі [на тэрыторыю цяперашняй Францыі — «НН»] з-пад Азова, з Растоўскай вобласці. Фактычна гэта нашыя прашчуры», — расказвае немалады бадзёры мужчына ў шэрым гарнітуры.

Можа падацца, што ён няўдала жартуе, але гэта не так. З кожным словам выступоўца распаляецца ўсё больш: «Савецкія войскі на трэці дзень маглі ўзяць Парыж і выйсці да Ла-Манша, але, на жаль… ну ці на шчасце… Гэтага не адбылося».

Я знаходжуся на мерапрыемстве Акадэміі бяспекі, якую праводзіць у Маскве Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі (АДКБ). Гэта вайскова-палітычны саюз, у які ўваходзяць Беларусь, Казахстан, Арменія, Кыргызстан і Таджыкістан, але ні для каго не сакрэт, што кіруе працэсам Расія.

У чым сутнасць АДКБ? Калі на адну з краін-удзельніц нападзе іншая дзяржава, саюзнікі мусяць абараніць яе. Зрэшты, такой патрэбы яшчэ ніколі не было.

Выступоўца — адыёзны доктар паліталагічных навук Ігар Панарын. З яго ўжо другі дзясятак гадоў смяюцца ў інтэрнэце за прагноз аб развале ЗША на шэсць частак да 2015 года. Кадэбіст Панарын цяпер працуе «каардынатарам аналітычнай асацыяцыі АДКБ».

«Буш папрасіў дарадцу прыдумаць інфармацыйнае забеспячэнне тэрактаў 11 верасня, і тая прыдумала трызненне пра Бен Ладэна. Тэлекампанія «Аль-Джазіра» — філіял брытанскага канала «Бі-Бі-Сі». НАТА самалётамі вывозіць з Афганістана наркотыкі», — гучаць прамовы выступоўцаў.

Удзельнікі сустрэчы часцяком недаверліва пераглядваюцца між сабой: што за трызненне? Вакол мяне прадстаўнікі краін АДКБ — палітолагі, студэнты, журналісты, — а таксама госці з Грузіі і Сербіі, апірышча расійскіх інтарэсаў у Еўропе.

Беларусь прадстаўленая некалькімі ўдзельнікамі. «Эксперт» Аляксандр Шпакоўскі некалі быў у кіраўніцтве нацыяналістычнага «Правага альянсу», падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года ахоўваў Аляксандра Мілінкевіча, а цяпер апынуўся ў праўладнай «Цытадэлі».

Яшчэ адзін удзельнік — каардынатар псеўдаказацкай арганізацыі «Казацкі спас» Пятро Шапко. Ён праводзіць у беларускіх лясах «ваенна-патрыятычныя летнікі» для моладзі, дзе вучаць стральбе і рукапашнаму бою.

Псеўдаказак пагражае судзіцца з «Нашай Нівай» за «няправільнае» асвятленне гэтых летнікаў.

Пытанне па-беларуску — праява нацыяналізму

«Калі я адсочваю сітуацыю ва Украіне па расійскіх каналах, я не веру на 100%. Гэта чыстая, лабавая прапаганда», — кажа ўдзельнік з Арменіі. «Прарасійскія» актывісты з замежжа скептычна ставяцца да імперскіх амбіцый.

«Верыце ці не верыце — ваша права, — адказвае палкоўнік у адстаўцы Віктар Літоўкін, кіраўнік рэдакцыі вайсковых навінаў ІТАР-ТАСС. — Вы можаце ў Арменіі ўключыць і ўкраінскія каналы. Ёсць анекдот: «Як у Маскве прымаць украінскае тэлебачанне?» — «Трэба да антэны прывязаць кавалачак сала!»

Расійская вайсковая тусоўка з непрыхаванай пагардай ставіцца да любых нацыянальных праяў у краінах постсавецкай прасторы. Прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў абураецца гісторыяй, якая здарылася падчас прыезду генеральнага сакратара арганізацыі Мікалая Бардзюжы ў Мінск. «Яму нейкая групка студэнтаў непрывабнага выгляду задае пытанне па-беларуску. Вось што яны хацелі гэтым сказаць?» — не разумее ён.

«Гэта іх праява нацыяналізму! Ніхто ў жыцці па-беларуску не размаўляе», — падтаквае Шапко. Заўважаю, што па выніках апошняга перапісу насельніцтва 23% сказалі, што размаўляюць дома менавіта па-беларуску. «Хто гэты ваш перапіс праводзіў? Літоўцы?» — не верыць Шапко.

У кіраўніцтве АДКБ таксама ўпэўненыя, што ў лясах Літвы і Польшчы ідзе падрыхтоўка беларускіх баевікоў.

«Вось чаго на вашым Дні волі выходзяць са сцягам БНР?» — выказвае чарговую прэтэнзію Зайнетдзінаў. — «Гэты сцяг быў дзяржаўным у Беларусі ў 1990-х…» — «Не-е! Там сцяг БНР», — пераконвае ён.

«З Расіі зрабілі сусветнае зло!»

Гэтыя людзі не замбіраваныя прапагандай, яны ствараюць яе самі.

«Назіраючы, што творыцца сёння ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы, дзівуешся — з Расіі зрабілі агрэсара, сусветнае зло!» — здзіўляецца генерал-палкоўнік Валерый Семерыкоў, намеснік генсека АДКБ. У пачатку 1990-х ён падтрымаў ГКЧП і дагэтуль настальгіруе па савецкіх часах.

Асноўная пагроза, якую бачаць расійскія вайскоўцы, — народныя рэвалюцыі ў краінах постсавецкай прасторы. Рэцэпту, як змагацца з народным гневам, у іх няма.

На думку Семерыкова, першая «каляровая рэвалюцыя» адбылася ў… 1991 годзе. «Калі на плошчы перад Белым домам, дзе тусавалася моладзь, машынамі падвозілі гарэлку, хто за гэта плаціў? Хто рыхтаваў гэтыя выступленні, якія штурханулі маладых людзей пад баявыя машыны пяхоты?» — абураецца ён. Зрэшты, неўзабаве гаворка даходзіць да таго, што і ў 1917 годзе адбылася тыповая «каляровая рэвалюцыя».

Колькі расейцы не выхваляюцца, што санкцыі Захаду ім не перашкаджаюць, за закрытымі дзвярыма яны прызнаюць: гэта дзейсны рычаг уздзеяння.

Скачучая ідэалогія

Але самая балючая тэма, якую не можа абмінуць ніводзін з выступоўцаў, — Украіна.

«Данбас ніколі разам з Украінай не будзе. Не могуць людзі, якія выхоўваліся на савецкіх ідэалах, трапіць пад скачучую ідэалогію Бандэры і Шухевіча!» — перакананы старшы памочнік генсека АДКБ Уладзімір Нікішын. (А «скачучая ідэалогія», відаць, пайшла ад жарту «хто не скача — той маскаль», якім грэлася ўкраінская моладзь на Майдане.)

У кава-паўзах абмяркоўваем з расійскімі ўдзельнікамі канферэнцыі той самы Майдан. У тым, што за ўдзел у мітынгу ўкраінцам плацілі, з іх не сумняецца бадай ніхто. «Але колькі трэба даць грошай, каб чалавек ішоў пад кулі? Побач забіваюць таварыша, а ён з драўляным шчытом усё адно ідзе наперад», — пытаюся я. У думках суразмоўцаў з’яўляецца нотка сумневаў: а можа, ім плацілі, але не папярэдзілі, што будуць расстрэльваць?

«Звярніце ўвагу на фотаздымак з Майдану. Якія пакрышкі гараць? Новыя! Было завезена 50 тысяч новых пакрышак, коштам каля $50 мільёнаў!» — паказвае прэзентацыю Ігар Панарын. Калі кіравацца яго логікай, кожная пакрышка каштавала… $1000!

З украінскай тэмы ён пераходзіць на армянскую — у тыя дні ў Ерэване набіралі абароты пратэсты супраць павышэння цэн на электраэнергію. Дэманстранты пабудавалі барыкады са смеццевых бакаў. «Паглядзіце, які чысты смеццевы бак! Я ў Ерэване шмат разоў быў, такіх чыстых ніколі не бачыў…» — пачаў расказваць канспіралагічную версію кадэбіст. «Паўгода таму мэрыя заключыла кантракт і замяніла ў цэнтры ўсе бакі!» — абурыліся відавочнай хлусні армяне. «Ну, можа быць», — саскочыў з тэмы Панарын.

«Дайце грошы»

Адным з самых актыўных удзельнікаў дыскусій быў беларускі псеўдаказак Пятро Шапко. Падчас выступаў ён з розных бакоў падыходзіў да адной і той жа тэмы: Расія мусіць даць грошы прарасійскім арганізацыям у краінах-суседках.

«Я лічу, трэба наладзіць звычайную грантавую дзейнасць, — не хавае ён сваіх памкненняў. — Выдзеліць ужо існуючыя групы і даць ім магчымасць узмацніць медыйную дзейнасць. Сфарміраваць у краінах апорныя пункты — тры, чатыры канкрэтныя моцныя арганізацыі, — якія будуць праваднікамі. І проста сеткавым метадам распаўсюджваць інфармацыю і фармаваць светапогляд, выгадны краінам АДКБ».

На заўвагу, што гэта не зусім профіль дзейнасці арганізацыі, Шапко раскрывае сакрэт полішынэля: «Чаму менавіта АДКБ? Таму што, калі будуць расійскія фонды, гэта можа ўспрымацца як агрэсія».

Прарасійская «пятая калона» ў Беларусі спрабуе наладзіць якую-ніякую актыўнасць у інтэрнэце. Да стварэння суполкі «Антымайдан» укантакце спрычыніліся беларускія ўдзельнікі канферэнцыі АДКБ. У першы ж яе дзень «Антымайдан» выбухнуў «сенсацыяй»: «Намеснік рэдактара «Нашай Нівы» прыйшоў на паклон у расійскае пасольства» (меўся на ўвазе мой удзел у канферэнцыі). Вось толькі дзе ў Маскве расійскае пасольства?

Шапко заклікае ўзмацняць у Беларусі расійскую прапаганду. «Кожны год я бачу нейкае вар’яцтва з гэтым Галадаморам. Абсалютна выдуманы міф. Цяпер пра такі самы «галадамор»загаварылі ў Казахстане.

Шапко скардзіцца, што ўкраінцы, якім ён спрабаваў давесці, што Галадамору не было, назвалі яго дурнем.

Прайграная інфармацыйная вайна

Удзельнікі канферэнцыі прызнаюць, што АДКБ учыстую прайграе інфармацыйную вайну. Маўляў, пра дзейнасць НАТА ведаюць па ўсім свеце, а тое, чым займаецца АДКБ, не заўважаюць нават у краінах-удзельніках. Як выправіць сітуацыю? Прапануецца разгарнуць інтэрнэт-кампанію.

«Возьмем 77-ю брыгаду ў Вялікабрытаніі: там 2000 штатных вайскоўцаў, прызначаных для працы ў расійскіх сацыяльных сетках. Мала хто ведае, што ў брытанцаў ёсць дзве глабальныя калоніі: Канада і Аўстралія, дзе яны набіраюць этнічных украінцаў з веданнем рускай мовы», — раскрывае чарговыя «таямніцы» Панарын.

Па інфармацыі брытанскіх СМІ, у створаную брыгаду набралі 1500 чалавек, якіх будуць выкарыстоўваць для правядзення «нелятальных баявых дзеянняў» у сацыяльных медыя. Але гэтая колькасць работнікаў размеркаваная для працы па ўсім свеце: у Афганістане, Блізкім Усходзе, Лацінскай Амерыцы… «Расійскі» аддзел фармаваўся па астаткавым прынцыпе.

А вось існаванне пад Масквой «фабрыкаў троляў», работнікі якіх засмечваюць інтэрнэт-форумы постсавецкай прасторы, — рэальнасць.

Мяжа між дапамогай і ўмяшальніцтвам

У АДКБ уваходзіць шэсць краін, кожная з якіх адстойвае свае інтарэсы. Беларусь перадусім выкарыстоўвае магчымасці арганізацыі для змагання з наркатрафікам і гандлем людзьмі. Арменія — як заслону ад магчымай азербайджанска-турэцкай пагрозы, Таджыкістан і Кыргызстан непакояцца праз суседства з Афганістанам.

Прэзідэнт Цэнтра сістэмнага аналізу і прагназавання Расціслаў Ішчанка, які пасля крушэння рэжыму Януковіча эміграваў у Расію, не гуляецца ў паліткарэктнасць. «Калі кажуць, што АДКБ павінна абараняць чыесьці нацыянальныя інтарэсы, гаворка вядзецца пра Расію», — адказвае колішні ўкраінскі дыпламат і палітолаг на закіды пра пасіўнасць АДКБ у вырашэнні праблемаў краін-удзельніц. Калі ж дзяржавы не ў стане самі разабрацца са сваімі праблемамі, кажа Ішчанка, давядзецца дзяліцца суверэнітэтам.

 «Ні пра якую незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік гаварыць не даводзілася б, калі б не існавала Расійская Федэрацыя з яе магчымасцямі і сіламі. Але, на жаль, грамадскае меркаванне, асабліва ў інтэрнэт-прасторы, фармуецца за кошт заходніх фондаў і СМІ. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі наўпрост вяшчаюць апазіцыйныя сайты яркай антырасійскай скіраванасці з Літвы і Польшчы. Расія ігнаруе гэта як пагрозу? Чаму такая ж праца не праводзіцца з боку Расіі?» — завёў старую песню Шапко.

«Трэба працаваць, але рабіць гэта так, каб нацыянальныя эліты не пакрыўдзіліся і не спалохаліся, — выказаўся Ішчанка. — Унутры нават прарасійскіх сіл у постсавецкіх краінах пераважае тэндэнцыя да таго, што «мы самастойныя і рабіць замах на нас не трэба». Працаваць цяжка. Пачынаеце прапаганду — а вам у адказ кажуць: вы квапіцеся на суверэнітэт і будуеце Савецкі Саюз».

Майдан пасля Лукашэнкі

«З палітычнага пункту гледжання прымусіць Лукашэнку танчыць канкан — увогуле не праблема, — упэўнены Ішчанка. — Таму што паслязаўтра Расія заяўляе, што не разглядае Беларусь як суверэнную дзяржаву, і пасляпаслязаўтра ў Лукашэнкі пачынаецца Майдан і ледзь не замежная агрэсія, бо ён ніхто і завуць яго ніяк… Але задача стаіць не ў тым, каб прымусіць, а пераканаць».

Цяперашнюю сітуацыю з будаўніцтвам Еўразійскага эканамічнага саюза Ішчанка бачыць як прыступку да больш шчыльнай інтэграцыі.

«Ствараецца АДКБ як вайсковая арганізацыя, вось вам ЕАЭС як эканамічная. Калі прапануецца стварыць палітычную надбудову — пачынаецца віск: маўляў, мы баімся. Ладна, працуйце пакуль так. Але калі ствараецца сур’ёзная эканамічная структура, рана ці позна яна запатрабуе супольных фінансаў і палітычнай надбудовы. Гэта шлях, які праходзяць усе буйныя саюзы», — папярэджвае Ішчанка тых, хто мяркуе, што можна атрымліваць ад Расіі толькі эканамічныя выгоды і пры гэтым захоўваць суверэнітэт.

«Арменія цалкам кантралюецца Газпрамам і Генштабам, — кажа на развітанне ўдзельнік з Арменіі. — Мне сорамна прызнаваць, але гэта так. У вас іначай. Без Расіі ў Беларусі ёсць шанец стаць нармальнай еўрапейскай краінай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?