Кватэру педыятра Дзмітрыя Серады ўзяў штурмам АМАП. Мужчыну збілі, адвезлі ў РАУС, а пасля проста адпусцілі — як выявілася, узялі не таго.

Доктар-педыятр Серада жыве ў Мінску са сваёй цяжарнай жонкай і маленькай дачкой. Раніцай у чацвер 4 жніўня ўся сям’я яшчэ спала. Але раптам пачалося штосьці незразумелае — хтосьці пачаў выбіваць уваходныя дзверы, затым людзі ў масках спусціліся з даху (кватэра Дзмітрыя на 9-м паверсе) і забеглі ў памяшканне праз балкон.

Дзмітры Серада. Фота праваабаронцаў-вясноўцаў.

Дзмітры Серада. Фота праваабаронцаў-вясноўцаў.

Мужчына спрабаваў даведацца, што за людзі спрабуюць трапіць у яго кватэру і чаму. Яго хуценька паклалі тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, накінулі кайданкі. Мужчыны былі са зброяй, Дзмітры кажа, што бачыў пісталеты.

На пытанні затрыманага: «Што адбываецца? Хто вы?» — ніхто не адказваў. Потым хтосьці з мужчын сказаў цяжарнай жонцы Дзмітрыя, што яны з міліцыі, жонку з дачкой адвялі ў іншы пакой. Там жанчыну пачалі распытваць, дзе яе муж быў у нядзелю.

Агулам у кватэру Серады ўламілася шасцёра: чацвёра АМАПаўцаў і двое аператыўнікаў. Дарэчы, міліцыянты на пляцоўцы так і не змаглі выламаць дзверы — іх у кватэру упусцілі АМАПаўцы.

Сам Дзмітры тым часам ляжаў на падлозе. Па яго словах, калі ён паспрабаваў павярнуць галаву, яго ўдарылі нагой у твар, загадалі не рухацца.

«Пасля гэтага маю галаву прыціснулі нагой і пасыпаліся ўдары па галаве, па целе ў вобласці нырак, спіне і нагах. У мяне падступіў ком да горла і ў галаве памутнела — я пачаў страчваць прытомнасць. Далей памятаю, запытаў пра тое, што можа праваахоўнікі памыліліся адрасам? Але яны назвалі адрас, імя і прозвішча. Гэта былі мае дадзеныя. Я стаў пытацца: «За што?». Пачуў у адказ, што «няма чаго сваімі прычындаламі махаць», у больш грубай форме, праўда», — узгадвае Дзмітры Серада.

Пасля гэтага адзін з оперупаўнаважаных спытаў у затрыманага, дзе ён быў у нядзелю ў тры гадзіны дня. Дзмітрый адказаў, што ўвесь дзень быў на рыбалцы ў 80 км ад Мінска, гэта могуць пацвердзіць як сведкі, так і лакалізацыя яго мабільніка.

Затым Сераду адвезлі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Ён кажа, што па дарозе яго таксама збівалі. Некалькі гадзін пратрымалі ў РУУС, а пасля гэтага даставілі ў Следчы камітэт, дзе быў праведзены допыт затрыманага.

«Я не разумеў у чым вінаваты. Канкрэтна мне ніхто нічога не казаў, толькі агучылі артыкул: ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу», — распавёў «Нашай Ніве» Серада. Гэта «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца выкарыстаннем гвалту або пагрозай яго прымянення, або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці, альбо вылучаюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства)».

Затым правялі апазнанне яго пацярпелай і сведкай. Жанчыны заявілі, што Дзмітры не падобны да злачынцы, якога шукалі.

«Я так зразумеў, што гэта было нейкае злачынства на сэксуальнай глебе, бо хтосьці з іх узгадваў, як той злачынца стаяў на каленях, склаўшы рукі і маліў падняць спадніцу», — узгадвае Серада.

Аднак Дзмітрыя пакінулі пад вартай на ноч і яшчэ цэлы наступны дзень пратрымалі ў РУУС. За гэты час ён ані разу не еў. У сярэдзіне дня ў яго пачаліся вострыя колікі, і супрацоўнікі міліцыі спачатку прапаноўвалі яму… парацэтамол, але пазней усё ж такі выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі палічылі, што сімптомы могуць быць выкліканыя двухдзённым галаданнем, але вострай паталогіі не выявілі.

Адпусцілі Дзмітрыя толькi 5 жніўня прыблізна 16 гадзін, бо ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Пасля гэтага Дзмітрый Серада звярнуўся да судмедэкспертаў, якія канстатавалі ў яго страсенне галаўнога мозгу лёгкай ступені і удар пярэдняй сценкі брушной поласці.

Цяпер Серада знаходзіцца на бальнічным. Яго дачку вазілі на абследаванне ў дзіцячы псіхіятрычны дыспансер, дзе псіхолаг вызначыў, што дзяўчынка знаходзіцца ў стрэсе. Таксама Дзмітры з жонкай плануюць самі звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай, бо дагэтуль знаходзяцца ў стане шоку і стрэсу.

Дзмітрый ужо накіраваў скаргі ва Упраўленне Следчага камітэта, начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў і Пракуратуру, у якіх просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія аддалі распараджэнне на штурм яго кватэры і сілавое затрыманне яго ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, а таксама тых, хто збіваў яго ў кватэры і ў спецтранспарце пры дастаўцы ў РУУС, паведамілі праваабаронцы з ПЦ «Вясна».

Аніякай рэакцыі з боку міліцыі на гэтую сітуацыю пакуль не было. Перад Дзмітрыем і яго сям’ёй ніхто нават не выбачыўся.

Міліцыя каментаваць гэтую гісторыю пакуль не хоча.

«Калі мы вырашым, што ёсць неабходнасць у каментары, мы аператыўна размесцім яго на афіцыйным сайце», — паведамілі «Нашай Ніве» у прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама.

Але ў Следчым камітэце расказалі з якім злачынцам пераблыталі Сераду.

«Заводскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа па факце хуліганскіх дзеянняў у дачыненні да жанчыны. Гэта адбылося ў лесапаркавай зоне ў Заводскім раёне. Хуліганскія дзеянні невядомага мужчыны заключаліся ў публічнай дэманстрацыі палавых органаў, — распавяла «Нашай Ніве» Юлія Ганчарова, афіцыйная прадстаўніца СК Беларусі. — Цяпер вызначаем асобу, якая здзейсніла дадзенае злачынства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?