Reuters.com
Беларуская каманда (Ганна Дудзянкова, Марыя Кадобіна, Валерыя Пішчэліна, Арына Цыцыліна, Марына Кацяк) не здолела заваяваць медаль у групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы, заняўшы 5-е месца.
Сёння трэ' было выступіць у дзвюх дысцыплінах: практыкаванні са стужкамі, а таксама булавамі ды абручамі.
Наша каманда набрала ў выніку 35,299 бала, прапусціўшы наперад Расію (алімпійскія чэмпіёнкі, 36,233 бала), Іспанію (2-е месца, 35,766), Балгарыю (3-я, 35,766) і Італію (4-я, 35,549).
Упершыню з 2004 года Беларусь не ўзяла медалёў у мастацкай гімнастыцы.
Учора п'едэстал не скарыўся Меліціне Станюце і Кацярыне Галкінай у індывідуальным шматбор'і.
* * *
Алімпійскія гульні завяршаюцца сёння. Засталіся яшчэ фіналы ў вольнай барацьбе, боксе, а таксама фіналы ў мужчынскім валейболе, гандболе і баскетболе.
Цырымонія закрыцця Гульняў пачнецца а другой гадзіне ночы.
Наступныя Летнія Алімпійскія пройдуць у 2020 г. у Токіа. З 7 па 18 верасня ў Рыа пройдуць Летнія Паралімпійскія гульні.
Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Рыа-2016 заваявала дзевяць медалёў: адзін залаты, па чатыры сярэбраныя і бронзавыя.
Золата (Уладзіслаў Ганчароў — батут),
чатыры срэбры (Марыя Мамашук — вольная барацьба, Іван Ціхан — молат, Дар'я Навумава і Вадзім Стральцоў — цяжкая атлетыка),
чатыры бронзавыя ўзнагароды (Аляксандра Герасіменя — плаванне; Марына Літвінчук/Маргарыта Махнева/ Надзея Ляпешка/ Вольга Худзенка — байдарка; Джавіт Гамзатаў — грэка-рымская барацьба; Ібрагім Саідаў — вольная барацьба).
У Лондане-2012 у Беларусі было 12 медалёў (2+5+5).
У Пекіне-2008 — 18 узнагародаў (4+5+9)
У Афінах-2004 — 13 (2+5+6),
У Сіднэі-2000 — 17 (3+3+11)
У Атланце-1996 — 15 (1+6+8).





