Пажарная інспекцыя ва Украіне ў яе цяперашнім выглядзе будзе ліквідаваная, заявіў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.
Чыноўнік назваў інспекцыю «органам, карупцыйная ёмістасць якога была сапраўды невычэрпнай».
Рэформа прадугледжвае новую сістэму прафілактыкі і дзеянняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый. У прыватнасці, прадпрыемствам «малой і сярэдняй зоны рызыкі» прапануюць недзяржаўнае добраахвотнае страхаванне, адзначыў міністр.
«Мы запрашаем гульцоў адкрытага рынку — страхавыя кампаніі — падлучыцца да гэтага працэсу і сумеснымі намаганнямі выбудаваць мадэль, якая мінімізуе ціск на ўкраінскі бізнэс і замежных інвестараў. Мадэль, якая дазволіць вынішчыць карупцыю ва ўзаемаадносінах бізнэс — інспекцыя», — напісаў Авакаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Акрамя таго, саму сістэму плануюць дэцэнтралізаваць і стварыць пажарныя каманды з удзелам добраахвотнікаў.





