«Праблемныя аспекты ў беларуска-расійскім узаемадзеянні» абмеркавалі ў тэлефоннай размове 9 лістапада Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
«Рашэнні па іх прапрацоўваліся ўрадамі дзвюх краін і будуць канчаткова прынятыя на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, адбудзецца на працягу наступных двух тыдняў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка і Пуцін таксама абмеркавалі пытанні міжнароднага парадку дня, у прыватнасці вынікі выбараў у ЗША і іх магчымы ўплыў на развіццё рэгіянальных і глабальных працэсаў.
Беларускі лідар расказаў калегу «і пра некаторыя падрабязнасці свайго нядаўняга візіту ў Блізкаўсходні рэгіён».
Прэс-служба Крамля па выніках размовы коратка адзначыла: «Прэзідэнт Беларусі падзяліўся ўражаннямі пра свае нядаўнія візіты ў Катар і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — у гэтай сувязі закрануты актуальныя пытанні сітуацыі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі таксама графік асабістых кантактаў, якія маюць адбыцца».
Як ужо паведамлялася, Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні цаны расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.





