Прыватная амерыканская касмічная кампанія SpaceX ў суботу, 14 студзеня, упершыню пасля вераснёўскай аварыі паспяхова запусціла ракету-носьбіт Falcon 9 і вывела на арбіту камунікацыйныя спадарожнікі, а яе першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне, паведамляе Deutsche Welle.
На арбіту было дастаўлена 10 апаратаў спадарожнікавай тэлефоннай сувязі новага пакалення Iridium NEXT.
Праз восем хвілін пасля запуску першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне. Упершыню такое вяртанне ракеты-носьбіта было паспяхова апрабавана кампаніяй у красавіку 2016 года.
У выпадку шматразовага выкарыстання ракеты-носьбіта касмічныя палёты становяцца ў некалькі разы танней. «Мы дасягнем таго моманту, калі яе вяртанне стане руцінай. Ракету трэба будзе толькі памыць, заправіць і зноў запусціць», — заяўляў кіраўнік SpaceX Ілан Маск.
1 верасня 2016 года на касмадроме на мысе Канаверал у штаце Фларыда ракета Falcon 9 выбухнула за 2 дні да палёту падчас дзяжурнай праверкі рухавікоў. Пацярпелых падчас інцыдэнту не было. Аднак наступны запуск ракеты неаднаразова пераносіўся.





