Аб'яднаныя ўзброеныя сілы Заходняй Афрыкі абвясцілі, што ваенная аперацыя, якая пачалася ў чацвер для вырашэння прэзідэнцкага крызісу ў Гамбіі, прыпыненая для таго, каб зрабіць апошнюю спробу пры міжнародным пасярэдніцтве мірна ўрэгуляваць сітуацыю.
Новы прэзідэнт Гамбіі Адама Бэроу
Новыя пасярэдніцкія перамовы пройдуць у пятніцу. Іх узначаліць прэзідэнт Гвінеі Альфа Кондэ, бо перамовы паміж прэзідэнтам Гамбіі Ях'я Джаму і прэзідэнтам Маўрытаніі Махамедам ульд Абдэль Азізам позна ўвечары ў чацвер зайшлі ў тупік.
Раней рэгіянальны блок Заходняй Афрыкі ЭКАВАС (Эканамічная супольнасць заходнеафрыканскіх дзяржаў) падоўжыў тэрмін дзеяння ўльтыматуму Джаму да апоўдня пятніцы і прыгразіў пасля гэтага сілай прымусіць Джаму сысці.
У чацвер Узброеныя сілы Сенегала абвясцілі пра пачатак ваеннага ўварвання ў суседнюю Гамбію, каб забяспечыць перадачу ўлады Адаму Бэроу. Як паведамляла ў чацвер вечарам агенцтва Рэйтэр са спасылкай на прадстаўніка сенегальскіх ваенных, войскі перайшлі мяжу ў чацвер.
Гэта было зроблена на фоне аднагалоснага рашэння Рады Бяспекі ААН падтрымаць інтэрвенцыю Сенегала ў Гамбію. У рэзалюцыі асуджаецца нежаданне дзеючага кіраўніка дзяржавы Ях'і Джаму пакінуць прэзідэнцкую пасаду. За дакумент прагаласавалі ўсе 15 дзяржаў — членаў Рады Бяспекі, у тым ліку Расія.
Рэгулярныя ўзброеныя сілы Сенегала налічваюць каля 20 тысяч чалавек, а ваенны бюджэт краіны складае прыкладна 300 млн даляраў у год. Колькасць узброеных сіл Гамбіі ацэньваецца ў 2,5 тысячы чалавек.





